Поўнае месяцовае зацьменне змогуць убачыць беларусы ў ноч з 15 на 16 чэрвеня.

Зацьменне пачнецца ў 22 гадзіны 24 хвіліны, дасягне максімуму ў 23 гадзіны 13 хвілін. Поўная фаза доўжыцца 1 гадзіну 40 хвілін. Зацьменне будзе адбывацца ў той час, калі Зямля максімальна аддаленая ад Сонца, Месяц знаходзіцца вельмі нізка над гарызонтам.

Гэта месяцовае зацьменне яшчэ называюць «вялікім», паколькі цень Зямлі патрапіць не проста ў цэнтр дыска Месяца, а яшчэ і з невялікім зрушэннем ў бок больш светлай (паўднёвай) часткі. Такім чынам, Месяц пацямнее наколькі гэта магчыма. Нацешыцца незвычайнай з’явай змогуць жыхары Новай Зеландыі, Аўстраліі, Азіі, Афрыкі, Еўропы (за выключэннем поўначы Скандынаўскага паўвострава) і ўсходняй часткі Паўднёвай Амерыкі, большай часткі Расіі.

Месяцовыя зацьменні адбываюцца ад таго, што Месяц, рухаючыся па арбіце, перакрываецца ценем Зямлі. Калі ён праходзіць праз верхнюю ці ніжнюю частку ценю, то ўзнікае частковае зацьменне, калі цалкам апускаецца ў зямную цень — поўнае. Месяцовыя зацьменні магчымыя толькі падчас поўні, але не ў кожнае з іх. У «месяцовыя» гады можна ўбачыць да 5 зацьменняў, часцей за ўсё — адно-два. У гэтым годзе яшчэ адно поўнае зацьменне будзе 10 снежня.

Першае поўнае месяцовае зацьменне зарэгістравана ў старажытнакітайскіх летапісах. З дапамогай разлікаў атрымалася вызначыць, што яно адбылося 29 студзеня 1136 да нашай эры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?