Кантракт на пастаўкі газу не падпісаны. Масква пайшла на прыніжальныя саступкі. Беларусь правакуе адключэньне газу. Мілер: Мы прапануем самыя выгадныя ўмовы ва ўсім СНД. Лукашэнка: “Чым больш у нас будзе посьпехаў, тым больш нас будуць паддушваць, прытым з розных бакоў”.

У аўторак 26 сьнежня ў Маскве адбыўся чарговы раўнд перамоваў наконт умоваў пастаўкі газу ў Беларусь у 2007 годзе. Перамовы вялі першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка і кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер.

“Газпром” пайшоў насустрач беларускаму боку ва ўсіх пытаньнях пастаўкі блакітнага паліва ў Беларусь налета”, — сказаў Аляксей Мілер у жывым эфіры расейскага тэлебачаньня пасьля перамоваў. Мілер паведаміў, што канцэрн згадзіўся з ацэнкай “Белтрансгазу” на 5 мільярдаў даляраў, хаця і лічыць яе завышанай. Мілер агучыў прапанову расейскага боку пастаўляць газ па цане 105 даляраў за тысячу кубамэтраў цягам чатырох гадоў. Такія цэны становяцца магчымымі пры ўмове стварэньня сумеснага прадпрыемства зь “Белтрансгазам”.

Пры ўмовах такога пагадненьня плаціць беларусы фактычна будуць толькі 75 даляраў, а за астатнюю частку яны маюць разьлічвацца акцыямі “Белтрансгазу”, якія пяройдуць ва ўласнасьць Масквы. Формулу можна акрэсьліць 75+30.

Са словаў Мілера, гэта самыя выгодныя ўмовы ва ўсім СНД Арменія атрымлівае газ за 110 даляраў, Украіна – 130, Малдова – 170, Літва – 230, Грузія -- 235.

Калі ўлічыць, што яшчэ тыдзень таму “Газпром” заяўляў, што цана на газ можа быць толькі 200 даляраў і ні цэнтам ніжэйшая, гэта можа азначаць, што халоднае маўчаньне Менску вымусіла расейскага газавага гіганта пайсьці на прынізьлівыя саступкі.

Чаму ён вымушаны саступаць на мяжы страты ўласнага твару? Па-першае, беларуская газатранспартная сыстэма – ласы кавалак, і здаецца, Мілер хоча выманіць подпіс пра яе перадачу любым коштам.

Па-другое, Калінінградзкая вобласьць Расеі забясьпечваецца газам выключна празь Беларусь (у Польшчу, Літву, Латвію, Нямеччыну ён можа пастаўляцца і абхаднымі шляхамі). Калінінград таксама ня мае сховішчаў газу зусім. Падчас мінулага адключэньня газу, у 2004 годзе, Беларусь адразу пачала карыстацца газам, прызначаным для Калінінграду.

Калі толькі Расея не падрыхтавала сюрпрызу ў справе забесьпячэньня Калінінграду, у “Газпрому” няма рэальных спосабаў ціску на Беларусь.

Ствараецца ўражаньне, што расейскі бок ня мае адэкватных спосабаў вядзеньня перамоваў з такім зацятым партнэрам, як Беларусь.

Таму Менск, маючы на стале прапановы, якіх ня мае ніводная краіна СНД, пакуль не згаджаецца падпісваць кантракт.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з урадоўцамі патлумачыў газавы шантаж Расеі звычайнай зайздрасьцю. “Беларусь у сваім разьвіцьці ўжо дабілася пэўных вынікаў. Чым болей мы больш мець посьпехаў, тым больш нас будуць паддушваць, прытым з розных бакоў. У такіх умовах самае галоўнае — умець жыць па сродках і эканоміць, асабліва энэргарэсурсы. Перадусім, у рэальным сэктары эканомікі».

Афіцыйны Менск працягвае настойваць на кошце газу 75 даляраў за тысячу кубамэтраў і выплаце кошту акцыяў “Белтрансгазу” жывымі грашыма. Гэтую формулу можна акрэсьліць як “75 мінус 30”, бо Беларусь за тыя грошы магла б чатыры гады кампэнсаваць розьніцу між цяперашняй і будучай цаной на газ. Дасягненьне яе дазволіла б кіраўніку Беларусі і надалей выступаць у ролі лідэра, які незвычайнымі шляхамі забясьпечвае эканоміцы краіны ўнікальна зручныя ўмовы жыцьцядзейнасьці.

Сёлета Беларусь закупляла каля 20 млрд кубамэтраў газу пры сярэдняй цане 46 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Беларусь апошняе дзесяцігодзьдзе атрымлівала энэрганосьбіты па зьніжаных цэнах узамен за падпарадкаваньне Расеі і палітыку русіфікацыі. У адрозьненьне ад Польшчы ці Балтыі, Беларусь не разбудавала альтэрнатыўных шляхоў паставак энэрганосьбітаў і не праінвэставала пераход гаспадаркі на энэргаашчадныя тэхналёгіі.

Адзінай крыніцай паставак газу ў Беларусь застаецца Расея. З Расеі Беларусь таксама атрымлівае 90 % нафты (10 % паходзяць з уласных радовішчаў). Нафта- і газаправодаў з портаў Чорнага і Балтыйскага мораў не было збудавана.

Расейскі бок напярэдадні чарговага раўнду перамоваў зноў палохаў беларусаў адключэньнем газу ў выпадку непадпісаньня кантракту. Дзейсны кантракт будзе доўжыцца яшчэ пяць дзён, да 31 сьнежня.

Аб'ёму падземных газасховішчаў Беларусі хапае толькі на чвэрць, максымум на палову дзённага спажываньня газу ў зімовы пэрыяд. Гэта значыць, што ў выпадку адключэньня газу Беларусь амаль адразу пачне адчуваць яго дэфіцыт. Аднак яшчэ большы брак пачне адчуваць Калінінград. Адаб’ецца газавая блякада і на спажыўцах у Літве, Польшчы, у меншай ступені – у Латвіі і Нямеччыне.

Таму пакуль што дарма “Газпром” пагражае адключэньнем газу. Беларускія ўлады сваёй дэманстратыўнай незгаворлівасьцю і самі правакуюць яго на гэта. Навошта яны робяць гэта? Чаму ўкраінскі ўрад падпісаў нашмат менш выгадны кантракт на пастаўку газу загадзя, абы мець пэўнасьць, а беларускі марудзіць нават за пяць дзён да Новага году? Напрошваецца думка, штоо такія паводзіны патрэбныя для стварэньня прапагандысцкага эфэкту. Віну за непазьбежнае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў выніку такога ж непазьбежнага росту цэнаў на энэрганосьбіты масавая сьвядомасьць ускладзе на Расею.

* * *

Зьніжэньне прагнозаў росту цэнаў на газ зьніжае і прагнозы дэвальвацыі беларускага рубля. Тым ня менш, увядзеньне Расеяй экспартных мытаў на нафту выкліча інфляцыйны ціск, мяркуюць экспэрты. Ці варта прадаць рублі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?