Лукашэнка засцерагае ад крызісу ўлады: «Вы мяне не нахіляйце, дарагія сябры».

Аляксандр Лукашэнка ў часе прэс-канферэнцыі пасля выбараў, 20 снежня 2010 года.

Аляксандр Лукашэнка ў часе прэс-канферэнцыі пасля выбараў, 20 снежня 2010 года.

17:08

«З чаго пачыналася Палессе? Тозік прарубаў прасеку і клалі там трубу».

«Прыехаў у першы год на Палессе, дык там у лапцях хадзілі. Цяпер у лапцях ужо ніхто не ходзіць».

«Я пагарджаю людзьмі, што страляюць у жывёлу. У нас сафары зрабілі. Плаці грошы — ідзі страляй».

Гэта з адказаў на пытанне журналісткі гомельскай абласной газеты. Пытанне было наконт праграмы аднаўлення меліярацыйных сістэм. Лукашэнка кажа, што праграма будзе працягвацца, але ў меншым маштабе. Ён сцвярджае, трохі жартаўліва, што на вялікіх аб’ёмах праграм заўжды настойвае Пятро Пракаповіч. Той апраўдваецца, што гэта было жаданне Лукашэнкі — каб краіна за 10 гадоў стала выглядаць па-еўрапейску.

16:48

«Італьянцы нам будуць будаваць хуткасную дарогу на Гомель. Гэта грошы нам выдзеліў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Хаця, можа, не пабачу, памру да таго часу».

Лукашэнка абяцае дабудаваць аўтабаны між Мінскам ад абласнымі цэнтрамі. У 2012 годзе дарога дойдзе да Магілёва. Пасля будзе чарга Гомеля, Віцебска і Гродна. Гэта было пытанне ад газеты «Дняпровец».

Дарэчы, у часе прэс-канферэнцыі Лукашэнка паабяцаў, што будзе вырашанае і пытанне з даступнасцю аўтамабіляў пасля ўвядзення новых мытаў.

«Мыты на аўтамабілі — гэта плата за Мытны саюз. Мы там атрымалі выгаду, і мы пад Расею ідзём на мытныя пошліны. Але не бывае бязвыхадных сітуацый. Знойдзем выйсце, і нашы людзі ў плане набыцця аўто не будуць ушчэмленыя. Кропка», — заявіў Аляксандр Лукашэнка і паабяцаў, што будзе асабіста займацца гэтым пытаннем.

Ён выказаў меркаванне, што гаворка можа ісці аб будаўніцтве аўтазавода, праўда, не ўдакладніў, хто гатовы такое будаваць. «Не так, як з іранцамі выйшла або з «Фордам», дадаў ён.

Ён таксама пахваліўся, што кожны дзень ён сам водзіць машыну. Спорт і аўто — гэта для мяне дзве душы. Я нарадзіўся ў аўтамабілі, — заўважыў Лукашэнка.

Гаворачы пра Мытны саюз, Лукашэнка даказваў, што «ён шкоды нам не прынёс». У прыватнасці, ён паведаміў, што з 1 студзеня Беларусь атрымала доступ да працэдуры дзяржзакупаў у Расіі.

16:39

Расказвае пра Колю, што ён бяжыць да інтэрнэта і ўсё там шукае. «Я яго пічкаю кніжкамі. Хай часам праз скандалы, слёзы. Але для мяне кніга — гэта святое».

Расказвае, што ўсім неабходным школьнікі будуць забяспечаныя. «Ну, можа, не айпэдамі, ці як там матныя словы».

Лукашэнка кажа, што цалкам давяраць інтэрнэту не трэба, а то яшчэ «несанкцыянаваная ракета дзе вылеціць».

16:30

«Захад трымае Украіну на кароткім павадку. Нашы адносіны вельмі добрыя. У нас станоўчае сальда ў гандлі з Украінай. Мы хочам пераўзысці рэкорд 2008 года. Гэта блізкая нам краіна, родныя людзі».

16:12

З адказу на пытанне пра крэдыт МВФ, зададзенае карэспандэнтам агенцтва «Інтэрфакс», вынікае, што Беларусь будзе настойліва яго дабівацца. Аляксандр Лукашэнка пералічвае тыя патрабаванні МВФ, якія Беларусь ужо выканала.

«У нас няма ілюзій адносна крэдыту МВФ. Я не выключаю, што там будзе нейкая палітычная матывацыя. Магчыма, ЗША і Еўропа блакуюць выдзяленне. Нічога, перажывём. Магчыма, ад ліпеня яны нам і не трэба будуць. МВФ хоча гарантый прэзідэнта. Я буду пра гэта думаць».

Іншае пытанне «Інтэрфакса» — пра лёс офіса АБСЕ. Ізноў адказ прымірэнчы: для офіса няма падставаў, але няхай бы знайшлося кампраміснае рашэнне ў выглядзе аднаго дыпламата.

«Чаму ў нас адчыняюць офіс АБСЕ, а на Захад ад Вены — не? Навошта тут цэлую паляну накрываць на офіс АБСЕ? Хай будзе адзін прадстаўнік. Напрыклад, пры нямецкім пасольстве. Пішуць нейкія паперкі, даклады. Нічым яны не адрозніваюцца ад амерыканскіх».

«Мы не бачым патрэбы нават у прадстаўніку», — кажа Мартынаў.

«Нешта перастала наша пятая калона пра скрадзеных гаварыць», — між іншым кідае Лукашэнка.

15:57
Лукашэнка заявіў, што з «Нашай Нівай» і «Народнай Воляй» разбярэцца суд. Такім было рэзюмэ доўгага адказу на пытанне, зададзенае рэдактаркай партала Tut.by.

Напачатку ён папрасіў выступіць міністра інфармацыі Праляскоўскага.

Выступае Праляскоўскі. Кажа, што дзеянні міністэрства законныя, бо было больш за два папярэджанні. «Народная Воля» — чэмпіён па папярэджаннях, дыялогу не атрымліваецца з імі, — кажа Праляскоўскі. — Міністэрства не папугай. І мы падалі ў суд, як вучаць нас усякія заходнія эксперты».

«Мне здаецца, што «Народная Воля» сама нарываецца на правакацыі. Напэўна, тое тычыцца і «Нашай Нівы». Ёсць артыкулы, на якія я сур’ёзную ўвагу звяртаю. Калі яны друкуюць меркаванні аб карупцыі, ці людзей», — кажа Лукашэнка.

«Што тычыцца «Нашай Нівы», то апошняй кропляй стала дзеянне падчас тэракта, калі была хлусня аб дзяўчыне, што была ў завалах. Мы падалі ў суд», — кажа Праляскоўскі.

«Марына, вы мяне штурхаеце, каб я па-людску дараваў Сярэдзічу, — працягваў Лукашэнка. — Але кепскім Сярэдзіч стаў цяпер, бо падыгрывае тым, хто яму плаціць. Ну, ладна, ты апазіцыянер, ты іншае меркаванне выказваеш. Але калі ты пераходзіш мяжу і правакуеш. Іх журналісткі яшчэ Калінкіна, Коктыш. Пастарайся не парушаць закон. Калі ты напралом лезеш на лом, то атрымаеш ломам.

У 21-ы раз просіце дараваць, колькі можна? Парушыў закон — адказвай. Можа, ім выставяць матэрыяльны пазоў, няхай плацяць.

Я вельмі шкадую, што «Ніва» стала зусім не той нівай. Гэта адмарожаная прэса. Нельга рабіць рэйтынг на горы. Калі ад майго меркавання нешта будзе залежыць, то я ўлічу і ваша меркаванне. Але вы не ўзялі пад сваю гарантыю. Не хочаце, бо не будуць рабіць».

«Хай у судзе разбяруцца? — такім было ягонае рэзюмэ. — А потым, калі нешта будзе ад мяне залежаць…»

15:52

Між словам Лукашэнка згадаў дабром Віктара Шэймана.

«Мне не заўсёды кепска пра вас кажуць, — кажа Лукашэнка пра tut.by. — Вы блізкія да аб’ектыўнасці. «Хартыя» гэтага не зробіць. Нават калі захочаш туды нешта напісаць, то не праскочыць, як мне казалі. Мне нядаўна далажылі, што была атака на сайт прэзідэнта. І што нашы хлопцы? Абаранілі. Вельмі класныя хлопцы. Шэйман на іх казаў: «Паглядзіце, якія разумныя хлопцы». І я іх падтрымаў, многія ў дзяржструктурах засталіся. Ім зайздросцяць амерыканцы».

15:42

Золатава бароніць інтэрнэт, нагадвае, што Чавес вядзе твітар, тое самае робіць Дзмітры Мядзведзеў. «Гэта дакор мне?» — пытаецца Лукашэнка. Золатава таксама кажа, інтэрнэт дапамагае ўскрываць негатыўныя з'явы: прыводзіць прыклады куплі старшыню Брэсцкага аблвыканкама дарагой машыны і аварыі Захарава.

«У нас столькі «Бэнтлі» трапляе ў ДТЗ, а заўважылі толькі Захарава, бо ён круціцца каля Лукашэнкі. Да яго будзе такое ж стаўленне, як да іншых. У яго ў крыві было 1,03 праміле алкаголю. Атрымае па поўнай», — так адкаментаваў Аляксандр Лукашэнка сітуацыю з аварыяй, у якую трапіў хакейны трэнер Захараў. «Вось хлопец Антон выклаў у інтэрнэт, як ахоўваецца метро. У інтэрнэце шмат станоўчага, шмат адмоўнага. Інтэрнэт сёння харошая зброя для дасягнення сваёй мэты».

15:36

«Нядаўна наш вялікі сябар Кудрын выступаў, што Расія будзе фармаваць бюджэт з дэфіцытам, бо цэны на нафту будуць змяншацца».

«Вам Вконтакте, у Одноклассніках шмат што могуць падкінуць, але не рабіце гэтага».

Задае пытанне інтэрнэт-партал tut.by. «Інтэрнэт — гэта велічэзнае дасягненне чалавецтва. Я кажу сметніца, бо там можна ўсё знайсці. Выбух таксама пачаўся з інтэрнэта, ён адтуль інфармацыю чэрпаў».

15:23

«Нам надакучыла плявузганне, калі дзеячы едуць за мяжу і абражаюць нашу краіну. Я пад злосць быў загадаў не выпускаць іх за мяжу. Дык яны залямантавалі».

«Сёння і заўтра крызісу ў свеце не будзе. Што будзе потым, залежыць ад амерыканцаў. Яны развялі бойню ў Лівіі. Калі даўбануць Іран, то будзе вельмі кепска. Вельмі небяспечны гэты дзярждоўг амерыканцаў».

15:08

Лукашэнка намякнуў, што гатовы выпусціць палітвязняў.

«Хай Някляеў раскажа, чаму схаваўся пад коўдрай у бальніцы 19 снежня? Тыя хоць людзей на штурм павялі, а дзе ты быў? А сёння ён прыходзіць да тупаючых, вершыкі пачытвае», — грымеў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама чарговы раз пераконваў у тым, што сапраўды выйграў выбары. «Сёння ніхто не ставіць пад сумнеў вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Ніхто не ставіць пытанне аб легітымнасці».

Ён таксама намякнуў, што гатовы разглядаць пытанне пра вызваленне палітвязняў: «Ды не будзем мы іх у гэтай турме трымаць. Вельмі дорага». «Занадта гэта вялікі гонар для іх — апаганьваць турмы, там дастойныя людзі сядзяць».

Ён сказаў, што гэта можа адбыцца, калі пра тое папросіць міністр замежных справаў або грамадскасць, у прыватнасці, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Пры гэтым ён сказаў, што ў нас «не 180», «у нас жа толькі тры чалавекі асуджаныя: Саннікаў, Ус і, як яго, Статкевіч».

15:04

Калі людзі, што жывуць пры мяжы, змогуць спрошчана перасякаць мяжу з Літвой, пытаецца Лідскае тэлебачанне.

Кажуць, што Літва яшчэ не ратыфікавала дамову. А з Латвіяй вырашылі пазней троху дамовіцца, калі будуць гатовыя.

«Калі мы ўсё зрабілі, то ім ужо нявыгадна. У нас дыктатура, дык мы хутка зрабілі, а ў іх дэмакратыя, дык дыскутуюць».

«У нас нармальныя, чалавечыя стасункі з літоўцамі. А Польшча хоча быць цэнтрам Еўропы. Міністр гэтага не скажа, бо будзе з імі потым сустракацца. Польшча і Венгрыя — гэта плацдарм ЗША ў Еўропе. У Польшчы свая пазіцыя, адрозная ад ЕС, ад Германіі. Гэта дзве вялікія розніцы. Ненармальна, калі мы з палякамі маем такія адносіны».

«Будуйце касцёлы, мячэці, сінагогі. Мы нікому не замінаем. Дапамагайце нам, але не стаўце прыніжальныя ўмовы. Яны кажуць: «Эй вы, вызваліце палітвязняў». У нас такіх няма. На судах былі прадстаўнікі АБСЕ. Немцы думаюць, што ў нас 180 чалавек сядзяць. Дык толькі трое асуджаных — Саннікаў, Ус і Статкевіч. Французы б таксама не вызвалілі. Калі будзе зварот аб памілаванні, то я разгледжу. Мы не крыважэрныя».

14:54

«Праграма гарадоў-спадарожнікаў згортвацца не будзе. У Смалявічах людзі не павінны крыўдзіцца, што ў іх будзе немалы горад. Мне важна, каб пры мне гэты праект пачаў рэалізоўвацца, нават калі не пры мне скончыцца. Я не хачу, каб Мінск быў, як Брусэль, ці Лондан. Не перанасычаным. Усіх у Мінск мы збіраць не будзем».

14:49

«Едзь у Літву, едзь у Польшчу, у іншыя краіны. Але плаці за камуналку ў поўным аб’ёме, — адказвае Лукашэнка на пытанне «Мінскага кур’ера» наконт заяваў Лукашэнкі пра дыскрымінацыйныя захады да тых, хто працуе за мяжой. — Плаціце за ахову здароўя, як замежнікі, раз вы не плаціце падаткаў».

14:47

Лукашэнка адвесіў некалькі кампліментаў Вользе Тарасевіч за цікавыя кнігі. Тарасевіч пытаецца, ці трэба прадпрымальнікам ісці ў парламент.

«Ну былі ў нас «Дарыда», іншыя ў парламенце. Яны працавалі толькі для сябе, а не для ўсіх бізнесменаў. У парламенце павінны быць і яны, людзі, якія склаліся. Я часта бываю ў свабодных эканамічных зонах. З гэтымі людзьмі прыемна працаваць. У іх шмат добрых ідэй. Трэба, каб яны працавалі на ўвесь бізнес. Не важна з якой ідэалогіяй, бо ён будзе чапляцца за гэтую зямлю. Калі ў парламент будуць праходзіць, то калі ласка. Калі мы дойдзем да парламента, то вельмі шмат чаго вынайдзем у фармаванні парламента».

14:41

Пытаецца тэлерадыёкампанія «Гомель», ці будзе павышэнне заробкаў і стыпендый.

«Заробкі і стыпендыі зменяцца ў залежнасці ад таго, які ў нас будзе бюджэт». Кажа, што не пойдзе на павышэнне толькі дзеля папулізму.

«Бюджэт у краіне фармуецца з прафіцытам. Дэфіцыту ў нас няма. Міністр фінансаў у нас самы зажымісты чалавек, відаць, нават прэзідэнта абышоў».

«Будзе ў бюджэце — аддамо людзям. Справа майго гонару вытрымаць і выйсці на папярэдні ўзровень».

14:36

Лукашэнка кажа, што 95-ы бензін будзе каштаваць даражэй

Ён заявіў, што ягоны загад знізіць цану на паліва інтэрпрэтавалі занадта літаральна. Цана на высокаактанавыя маркі бензіну павінна быць большай, бо на іх ездзіць «круцізна», заявіў ён. Ён прадказаў, што цана на 95-ы і 98-ы бензін узрасце.

Пенсіянерам мы будзем проста даплачваць на дадзеным этапе, кажа Лукашэнка. Тыя пенсіянеры, што хочуць есці свіную шыю, то яны не бедныя. Пенсіянерам мы прыстойна даплацім. Будзем выходзіць на ўзровень, каб чалавек мог нармальна існаваць пры такіх цэнах».

Лукашэнка крытыкуе «Звязду» за тое, што піша пра курсы на валюты на «чорным рынку». «Калі я вас прашу нешта, то рабіце гэта».

14:30

«Звязда» — адзінае за шэсць гадзін пытанне па-беларуску — пытаецца, ці не збіраецца Лукашэнка знізіць цэны на іншыя тавары, як было з бензінам.

«Не трэба рабіць з мяне героя. Калі я аддаваў распараджэнне па зніжэнні цаны на бензін, то разумею, што гэта больш разумная. У нас мяса, малако ў два разы танней, чым у суседзяў. Я таму і загадаў дробна фасаваць, каб не маглі многа цягаць за мяжу. Гэта не гераізм, я не адзіны бачыў гэтыя цэны на бензін. Гэтая цана бензіна не вельмі ўжо рэнтабельная, але жыць можна. Магчыма, недзе давядзецца прытармазіць з мадэрнізацыяй нафтаперапрацоўчых заводаў. Не хацелася б, але лепш дабрабыт людзей.

Вастрыні нідзе больш у Беларусі няма, апроч свядомага Мінска. Я не прыхільнік паніжэння цэнаў у гэтай сітуацыі. Мы пайшлі да павышэння даходаў людзей».

14:22

Лукашэнка кажа, што героямі хацелі стаць і тыя людзі, што зрабілі тэракт.

«Я еду па цэнтры Мінска спакойны, чысты, прыгожы горад. Я хачу, каб вы маё шчасце знайшлі тут. Такая незалежнасць дорага каштуе. Гатовы — давайце плаціць. Калі вы скажаце мне, што не гатовы, то скажыце мне як-небудзь. Я з вамі, канечне, не пайду.

Нам кажуць: «Вы хочаце смаленскую цану на газ, тады ўступайце ў Расію». Напэўна, яны маюць рацыю, але я сказаў, што будзем плаціць па 250 даляраў.

Акцыі на мяжы я нават каментаваць не хачу. Людзі загуляліся. Яны хочуць, каб мы адкрылі мяжу і яны туды-сюды ездзілі. Прадавалі ў Польшчы бензін. Гэта не толькі для нас страта, але і для Польшчы з Літвой. Там ніхто паліва на запраўках не купляў. Ім гэта таксама было нявыгадна.

А як паступіла багатая, залітая бензінам Расія, яны ўвялі загараджальнае для вывазу мыта. Расійскія газеты нас за гэта крытыкуюць, на сябе паглядзіце. Калі пабачым, што гэта неактуальна, то адменім.

Наступныя акцыі мы будзем расцэньваць як акцыі супраць народа».

14:12

«Народная газета» просіць пракаментаваць акцыю «Стоп-бензін» і акцыі чаўнакоў на мяжы.

«Мне дакладваюць пра акцыі ці то маўчання, ці то мычання. Пра акцыю пра бензін я даведаўся толькі праз пару дзён пасля таго, як прыняў рашэнне аб змяншэнні цэнаў. Але нават увагі асабліва не звярнуў. Я міністру МУС сказаў: «Яшчэ адна такая акцыя, і ты без пагонаў». Не таму, што я супраць акцый, а ёсць месцы, вызначаныя пасля тэракта, дзе іх можна праводзіць. Калі ты блакуеш праспект Незалежнасці, палітычны праспект, на гэта трэба рэагаваць жорстка. Я папярэдзіў Куляшова, каб такое спынялі хутка. Мычачыя, хлопаючыя, чаго вы ідзяце на Кастрычніцкую? Калі хочаце, каб я вас пачуў, то пачую і на Бангалоры.

Хто там мычыць і хлопае? 16–17 гадоў, цыгарэта ў зубах, і дзяўчонка пад рукой таксама палючая. Сумна, што гэта частка нашай моладзі. Паглядзіце заклікі ў інтэрнэце: «Прыйдзіце на Плошчу і станьце героем». Гэта накіравана на людзей, якія досведу не маюць. Калі там будзе дзясяткі тысяч, то прыйдуць верхаводы, ці лідары, якія павядуць на нейкі штурм.

Вы думаеце, гэтыя пацаны на покліч сэрца туды прыйшлі? Не. Я сам быў няўрымслівым і некіраваным часам. У нас спрабуюць гэтыя тэхналогіі ўкараніць. І дзяржава сюды будзе ўмешвацца».

14:04

Юрый Пракопаў з БТ намякнуў на не самую сумленную палітыку Расіі, якая не дапамагае Беларусі ў цяжкія часы, у той час, як Брусэль дапамае Грэцыі.

«Юра, не правакуй мяне. Мне і так хапае. Гэта і так усе разумеюць. Мне не проста толькі кажуць, даём крэдыт у абмен на рэформы. Мне яшчэ кажуць, што каналы расійскія тут прыцясняюць. Няма такога. Мы прэзідэнта Расіі бачым столькі ж, колькі прэзідэнта Беларусі. Не хачу пра гэта гаварыць. Перажывём».

14:01

Лукашэнка на пытанне журналіста Першага канала дзяржаўнага радыё пра давер да валюты кажа, што «можа вам зайчыкі не падабаюцца, можа вам капейкі ўвесці, як ў Расіі».

«Калі цэны на тытунь уздымуцца, то яшчэ курыльшчыкі на Плошчу выйдуць», — засцерагае Лукашэнка.

«Такога размаху больш не будзе, будзем весці больш акуратную палітыку».

13:53

«Мы ўмешваліся ў эканоміку, калі трэба. Што тычыць эфектыўнасці, то прыватнік палічыць лепш за дзяржаўнага. Але, калі прыватнік прыдзе на «Беларуськалій» і там эфектыўнасць будзе 82%, а не 80%, то мы не шмат выйграем ад гэтага.

Хутка зробім такую падатковую сістэму, што нават палюбоўніца любога прадпрымальніка зможа ўсё палічыць.

Магчыма, мы нейкую долю чагосьці прададзім, каб вяртаць крэдыты. Але крэдыты бралі канкрэтныя прадпрыемствы, якія ўдала працуюць. Можна памычаць, пахлопаць на Плошчы. Казаць, што Лукашэнка не прыватызуе прадпрыемствы — гэта ўсё баўбатня. Калі мяне не будзе, то рабіце, што заўгодна. Я нават у СМІ вас крытыкаваць не буду. У Прыбалтыцы зямлю нават не пашуць. Ва Украіне ўсё прыватнае. Вы хочаце, каб я туды народ таксама завёў. Мы справімся з сітуацыяй».

13:45

У адказ на пытанне рэдактара газеты «Беларусы і рынок» Аляксандр Лукашэнка даказвае, што ён не праціўнік прыватнага бізнэсу, але цвёрда выступае за дзяржаўнае ўмяшальніцтва ў эканоміку.

«Два дні назад я праводзіў перамовы з бізнесменамі з-за мяжы. Яны, на жаль, не афішаваліся, бо вельмі далікатныя тэмы абмяркоўваліся».

«Да майго сына ідуць са скаргамі. Ён мяне кожны панядзелак інфармуе, нават у лазні спакою няма. У нас эканамістамі, бухгалтарамі сталі і жаба, і кракадзіл».

«Дзе мы ўмешваемся ў бізнес? Ідзі працуй! Я наведаў такія прадпрыемствы. Ёсць людзі, якія прыйшлі туды не таму, што гэта крута, а бо працуюць. Дзякуй Богу, што 30% аптовага продажу я захаваў за дзяржавай».

13:38

«Мы без газу не абыдземся. 95% прыроднага газа, што мы набываем, ідзе на электраэнергію. Без яе нічога не атрымаецца. Без яе мы не пражывём».

Адкуль возьмуцца сродкі для выплаты па замежным доўгу? Пытаецца рэдактар «Беларусаў і рынку» Вячаслаў Хадасоўскі.

«Што б вы памянялі?» — пытаецца Лукашэнка. «Зменшыў бы ўмяшанне дзяржавы ў прадпрыемствах. Трэба больш давяраць прыватніку. Трэба не замінаць прадпрымальнікам, бізнесменам працаваць», — адказвае яму Хадасоўскі.

«Гэта дэмагогія. Мне не прыхарошваюць. Я чалавек вельмі рухавы. Нядаўна сустракаюся з касірам з «Прыёрбанка». Скажы чэсна, ці нясуць людзі ў абменнікі? Невялікія нясуць, але нашы работнікі іх адразу раскупляюць».

13:28

Першае пытанне задае Таццяна Паляжай ад лукашэнкаўскага агенцтва БелТА.

Лукашэнка амаль адразу ўзгадвае аднаго «персанальнага пенсіянера» — маецца на ўвазе Сяргей Лінг, — які заклікаў да адстаўкі ўрада і старшыні Нацбанка як вінаватых у крызісе. «А калі яго адстаўлялі, то яму прыемна было. Называйце прозвішчы, хто мог бы ўзначаліць Нацбанк, ці ўрад. Не думайце, што ў нас плот выбудаваны з такіх людзей. Дасведчаных людзей адзінкі. Давайце дамовімся так: я ва ўсім вінаваты. Мне не прывыкаць. Калі метро выбухнала, то я вінаваты. Каб адцягнуць увагу ад гэтай сітуацыі. Не галоўнае некаму галовы знесці, тады будзе хаос. Калі я буду рубіць галовы, то людзі перастануць працаваць, бо іх, падумаюць, тое ж будзе чакаць».

Да Лінга ён будзе здзекліва вяртацца яшчэ не раз у часе свайго выступу, але ні разу не назаве яго па прозвішчы. Намякнуў ён і на іншага адстаўніка, Багданкевіча: «Мы можам разам з золатам наскрэбсці максімум 5 мільярдаў даляраў. Мяне некалі прывёў у Нацбанк чалавек, які цяпер усім раіць, — там былі рваныя мяхі і пацукі».

13:22

Лукашэнка выступае ўжо гадзіну. Да пытанняў справа яшчэ не дайшла. Ён жорстка крытыкуе грамадзян за панікёрства.

«Вы пачалі скупляць валюту. Вы скупілі цукар, соль. Ну дык прадавайце іх цяпер. Калі жорстка пытанне паставіць. Але не толькі народ вінаваты, а і мы. Праз пару месяцаў мы вернемся на тую вышыню, дзе знаходзіліся».

«Калісьці іх з урада выгналі, а цяпер павылазілі і жабы і змеі і крытыкуюць, і раяць» [гэта намёк на экс-прэм'ера Лінга].

«Калі хочаце запытацца, ці будзе валюта ў абменніках? Не будзе, а можа будзе, калі людзі панясуць іх у абменнікі. Да 1 ліпеня я ў гэтыя гульні не гуляю. Гэта праўда».

13:12

Лукашэнка развівае тэорыі змовы, замежнага ворага: «Нам падкідваюць горшыя тэорыі ў эканоміцы, горшы варыянт эканомікі, які ніколі сябе не апраўдваў».

«У сярэднім у дзень прадаецца дзесяць мільёнаў даляраў грамадзянамі, — кажа Лукашэнка. — Пяць тысяч за даляр — гэта завышаны курс для краіны. Вы хочаце, каб я задаволіў ажыятаж. Для гэтага трэба за раз укінуць на рынак мільярд. Вы гатовыя? Я — не».

«В’етнамцы нас прывучылі рыс есці. Грэчкі я загадаў пасеяць пад завязку», — Лукашэнка кажа, што па крыху будуць закупаць і не самыя неабходныя тавары.

«Што было, калі бесталковы ўрад абвясціў пра падаражэнне цэнаў на бензін. Людзі стаялі чэргамі на запраўках. Мы падгледзелі, што ў кожнага ў гаражах стаіць паўтоны, тона бензіну. Калі даляр будзе каштаваць дзесяць тысяч, то будзе хаос. Нават на чорным рынку ён каштуе 5,5–6 тысяч. Але мяне штурхалі зрабіць 10 тысяч».

13:03

«Не буду называць дзяржавы, якія ў нас замовілі спадарожнікі касмічныя. І мы іх робім.

Лукашэнка прадстаўляе сітуацыю так, нібы некаторыя людзі ў ягоным атачэнні патрабуюць прыняцця рэпрэсіўных мераў, а ён працівіцца: «Мы ішлі-ішлі і спатыкнуліся. Шэсцьдзесят людзей, якія ўмеюць размаўляць з людзьмі, паехалі ў рэгіёны. Яны мне даклалі праблемы. Яны мне кажуць: чаму прэзідэнт не адрэзаў некаторым галовы? Я не пацан і не хлопчык. Я бачу, хто вінаваты, а хто не. Нават калі Нацбанк здзейсніў лішнюю эмісію грошай, то я вам ужо акрэсліў, куды мы толькі не ўкідвалі грошы.

Чаму мы мечамся? Чаму крычым: «Давай, Лукашэнка, рэж». Нам яшчэ на гэтую паніку накласці крызіс улады. Тады нам будзе канец. Мы ўсё адно адновімся. Гэта не крызіс, у нас яго няма. У нас былі паніка і ажыятаж».

Лукашэнка часамі сам сабе пярэчыць: кажа, што крызісу няма, а праз хвіліну сцвярджае, што мы з крызісу выйдзем.

12:57

«Якія рэформы мы павінны правесці?» Лукашэнка ўжо задае пытанні Хадасоўскаму з «Беларусаў і рынку», а не наадварот.

«Нам кажуць, што рэформа — гэта прыватызацыя. Я не супраць прадаць прадпрыемствы, але даражэй. Тым больш, што гэта не маё. Не дай Бог, каб я хоць адно прадпрыемства прадаў танней, мяне б ужо скруцілі.

У нас на руках у насельніцтва 20 мільярдаў даляраў. Хто тады купіць гэтыя прадпрыемствы? Вы ведаеце, хто точыць на іх зуб. Асабліва на такія паспяховыя, як «Беларуськалій». Мне прапаноўваюць прыватызаваць найлепшыя прадпрыемствы. На кепскае ніхто зуб тачыць не будзе.

Прыйдзеш, купіш, дык развівай гэтае прадпрыемства. Як рабіў я. Я не супраць, купляйце, калі ў вас ёсць грошы. Цяпер шмат гвалту ў «незалежных сродках масавай інфармацыі» — ён вымаўляе гэтыя словы па-беларуску, што няма рэформы, няма перабудовы структурнай эканомікі.

Атамную станцыю — цана вялікая. Але мы зробім яе. Аднак людзей няма. Мы іх і ўгаворваем, і крадзем, перавабліваючы з іншых краін».

12:50

Лукашэнка ўпарта некага пераконвае, што сельская гаспадарка трэба. Цяпер перайшоў ужо да пераконвання нафтахімічнай прамысловасці ў Беларусі.

«Чым мы гэта заменім? У балоце торф будзем калупаць?»

Кіраўнік краіны кажа пра будаўніцтва бібліятэкі, Шклоўскага папяровага завода, іншых аб’ектаў. Зноў просіць трыльён даляраў на рэфармаванне.

«У нас ёсць соль, дрэва. Гэтыя кірункі трэба развіваць. Нават з пэўнымі стратамі. Верачы, што заўтра ўсё акупіцца».

12:41

Лукашэнка настальгічна ўспамінае ўжо дваццаць хвілін, як ён выратаваў сельскую гаспадарку.

«Памятаеце, як мы насіліся па ўсім свеце, каб знайсці крэдыты. Свядомыя яшчэ прасілі, каб нічога не давалі. Я не супраць, каб фермеры бралі зямлю».

Успамінае Васіля Лявонава («свядомага, які адсядзеў у турме»). Кажа, што Лявонаў прапаноўваў купляць камбайны ў Нямеччыне, бо кажа, што нашы пасмешышча. «Я паставіў на «Гомсельмашы» задачу цягам двух гадоў стварыць новы камбайн. Гэта ўсё маё асабістае, але мы іх зрабілі. Колькі трэба было для ўсяго гэта сілаў, я ведаю толькі адзін».

12:32

«Калі я ў адзіночку браўся за сельскую гаспадарку. У сельскую гаспадарку мы ўкінулі 45 мільярдаў даляраў. Паўсюль пабудавалі аграгарадкі. Я так прапанаваў іх называць, каб не было абразлівага «калгаснікі». Нават псіхалагічна вывесці з гэтага. Нават мне ва ўніверсітэце казалі: «Эй ты, дзярэўня». Цяпер я такога комплексу не маю, але тады было некамфортна. Трэба, каб у аграгарадку была гарачая вада, каб даярка вечарам лажылася да мужыка ў ложак памытай.

Паесці ёсць што, купіць ёсць што. Грошай не хапае? Некалькі месяцаў, і мы выедзем з гэтага. Калі будзе катастрофа, то закрыем мяжу і адмовімся ад імпарту, будзем набываць толькі неабходнае. Не дай Бог, канечне. Але ў нас будзе сваё.

Мне раілі не развіваць сельскую гаспадарку разумнікі. Аднак, калі я адзін прыняў рашэнне, то ўвесь народ верыў мне. Цяпер не скажу, што гэта так. Хаця катастрофы няма».

12:25

Прэс-канферэнцыя пачалася з пятнаццаціхвілінным спазненнем. Лукашэнка кажа, што яму раілі не ладзіць прэс-канферэнцыю, бо цяжкая сітуацыя ў краіне. «Пошук рашэнняў ляжыць не толькі ў цішыні кабінетаў. Я прапаноўваю вам абмеркаваць усе пытанні. Можа адно слова, ці фраза будзе ключом для вырашэння ўсіх праблем», — сказаў Лукашэнка.

«Ад пазіцыі журналістаў шмат што залежыць. Ажыятаж на рынку ствараўся некаторымі СМІ. На валютным рынку ўсё пачалося з гэтага. Я хачу нагадаць журналістам пра адказнасць. Задача журналістыкі — чэснае і поўнае інфармаванне грамадства».

«Беларусь спрабуюць расхістаць іншымі метадамі. У тым ліку праз гэтую сметніцу — інтэрнэт. Я разгарнуў сёння газеты, пабачыў, што яны пішуць пра Беларусь. З радасцю, што беларуская мадэль рухнула. Нікуды яна не рухнула», — кажа Лукашэнка.

«Сёння склаліся праблемы. Не трэба чыноўнікам брацаць словамі, што трэба зацягваць паясы. Мы будзем ісці сваім шляхам».

«Калі ўвесь свет пакутаваў ад крызісу, то Беларусь жыла спакойна, крызісу мы не заўважылі. Вы думаеце гэта ад таго, што мы такія харошыя? Не, мы проста шмат зрабілі ў эканоміцы. Нам сёння кажуць пра структурную перабудову эканомікі. Што гэта такое? Я хачу гэта ведаць. Дайце мне структуру нашай эканомікі. Хто мне дасць трыльён даляраў, каб змяніць структуру эканомікі?».

***

«Прэс-канферэнцыя прадугледжаная паўгадавым графікам працы прэзідэнта. Мы прапаноўвалі адмяніць яе ці перанесці на некаторы час з улікам той няпростай фінансава-эканамічнай сітуацыі, якую цяпер перажывае наша краіна. Аднак кіраўнік дзяржавы пакінуў гэтае мерапрыемства ў сваім працоўным графіку і настроены на адкрытую і шчырую размову з журналістамі», — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка яго адміністрацыі Радзькоў.

Ва ўдзеле ў прэс-канферэнцыі адмовілі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, радыё «Свабода», газеце «Наша Ніва». На прэс-канферэнцыі будуць прысутнічаць пераважна журналісты падкантрольных СМІ.

Прэс-канферэнцыя мае транслявацца ў жывым эфіры на Першым нацыянальным канале радыё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?