Мінскі гарадскі суд пакінуў прыгвор лідару міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Змітру Дашкевічу і актывісту гэтай арганізацыі Эдуарду Лобаву без змяненняў. Пра гэта БелаПАН паведаміла намеснік старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка.

17 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе разглядалася касацыйная скарга на прыгавор Дашкевічу і Лобаву. Маладыя людзі былі затрыманыя ў Мінску 18 снежня 2010 года. Паводле інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, у двары жылога дома па вуліцы Янкі Брыля яны нібы збівалі Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманне Дашкевіча і Лобава прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта.

24 сакавіка Дашкевіч быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Лобаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэнне аб’явіла суддзя Маскоўскага раёна Мінска Алена Шылько.

29-гадовы Дашкевіч і 22-гадовы Лобаў прызнаныя вінаватымі паводле часткі 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства).

Маладыя людзі сваёй віны не прызналі і абскардзілі прыгавор у касацыйным парадку.

Выступаючы ў судзе з апошнім словам, Дашкевіч выказаў упэўненасць, што ўсе, хто лжыва сведчыў супраць яго, і тыя «нібы пацярпелыя», якія давалі паказанні ў судзе з суседняга пакоя (паводле афіцыйнай версіі, суд змясціў іх туды з меркаванняў бяспекі. — БелаПАН.), у будучым абавязкова будуць справядліва пакараныя.

«Усе выдатна ведаюць, што я і Лобаў даўно займаемся палітычнай дзейнасцю і нападаць на кагосьці за дзень да выбараў, „падпалу Рэйхстага“, нам было б вельмі нявыгадна», — заявіў Дашкевіч.

Лобаў падтрымаў свайго таварыша, дадаўшы, што гэта была «добра спланаваная правакацыя спецслужбаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?