Суд Гродзенскай вобласці 17 чэрвеня вынес вырак 29-гадовай жыхарцы вёскі Гардзіеўцы Ашмянскага раёна, якая 21 сакавіка нажом ударыла свайго 74-гадовага сужытніка. Мужчына атрымаў пранікальную рану лёгкага і памёр на месцы.

Прысуд абвінавачанай — 1 год і 10 месяцаў пазбаўлення свабоды ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Такое мяккае пакаранне вынесенае таму, што першапачатковае абвінавачанне ў забойстве заведама старога чалавека было перакваліфікаванае ў забойства пры перавышэнні межаў неабходнай абароны.

Пракурор Ашмянскага раёна Андрэй Клышэвіч расказаў, што сам папрасіў суд аб перакваліфікацыі абвінавачання. Ён палічыў: тое, што жанчына абаранялася ад пабояў сужытніка, даказана падчас следства.

Па словах пракурора, здарэнне адбылося 21 сакавіка ў доме пенсіянера. 74-гадовы мужчына тры месяцы назад узяў жанчыну да сябе жыць. Ад 19 сакавіка сужытнікі адзначалі дзень нараджэння гаспадара. Спачатку ў Ашмянах, потым — дома ў Гардзіеўцах. Каля 23 гадзіны, напіўшыся, леглі спаць.

Як расказвала абвінавачаная, гаспадар стаў патрабаваць інтымных адносінаў. Калі жанчына адмовілася, сцягнуў яе з ложка, пачаў біць табурэткай па галаве. Сужытніца вымушаная была абараняцца і ўзяла ў рукі нож…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?