Скандальна вядомы баксёр і крымінальнік Вячаслаў Дацык па мянушцы Руды Тарзан пачуў кліч беларускай крыві. Знаходзячыся ў знакамітай піцерскай турме «Кресты», ён заявіў пра жаданне атрымаць беларускае грамадзянства і цяпер тэрарызуе турэмную адміністрацыю, патрабуючы перакладаць усе дакументы на беларускую мову.

Беларускія карані Дацыка, як і многае іншае ў яго біяграфіі, афіцыйна не пацверджаныя. Нібыта беларусам быў яго дзед, а сапраўднае яго прозвішча — Дацук — сказілі рэгістравальныя органы Расіі.

Нарадзіўся Вячаслаў гадоў гэтак трыццаць таму ці то ў мястэчку Сланцы Ленінградскай вобласці, ці то ў самім Ленінградзе. З дзяцінства быў забіякам, захапляўся адзінаборствамі, стаяў на ўліку ў міліцыі. Да 1998 года ўваходзіў у федэрацыю тайскага бокса. Некаторыя крыніцы называюць яго чэмпіёнам свету па баях без правілаў, аднак афіцыйнага пацверджання гэтаму няма. Вядомасць атрымаў за перамогу ў дэбютным паядынку над беларусам Андрэем Арлоўскім, які пазней стаў чэмпіёнам свету ў цяжкай вазе па версіі UFC. Наогул, спартыўны лёс шэсць разоў сутыкаў Дацыка на рынгу з беларусамі. Двойчы ён святкаваў перамогу, у астатніх выпадках прайграў, апошні раз (у 2003 годзе) — знакамітаму беларускаму кікбаксёру Сяргею Гуру, які паслаў Рудога Тарзана ў накаўт. Дацык вядомы таксама сваімі эксцэнтрычнымі і часта неспартыўнымі паводзінамі на рынгу.

Вячаслаў «павернуты» на ідэях нацыяналізму і перавагі белай расы, быў сябрам пазней забароненай у Расіі нацыяналістычнай арганізацыі «Славянскі саюз».

У 2007 годзе Вячаслаў быў арыштаваны за серыю рабаванняў салонаў сотавай сувязі і ювелірных крамаў, падчас расследавання прызнаны вар’ятам, змешчаны ў псіхіятрычную клініку. У жніўні 2010 года збег у Нарвегію, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Нарвежская медыцына прызнала Дацыка здаровым, ён адбыў у мясцовай турме тэрмін за незаконнае нашэнне зброі.

Дацыка экстрадыявалі ў Расію, таксама не без прыгодаў. Расійскія авіяцыйныя ўлады двойчы адмаўлялі самалёту ў пасадцы ў Санкт-Пецярбургу праз памылкі ў афармленні дакументаў, на борце Вячаслаў зладзіў дэбош, паліцыянты доўга не маглі яго ўціхамірыць. У выніку самалёт прызямліўся ў Фінляндыі, а ўжо адтуль па сушы Дацыка даставілі ў адзіночную камеру ў «Кресты». Там яму ў дадатак да абвінавачання ў рабаваннях было выстаўленае новае — у незаконным перасячэнні мяжы. У дачыненні да гэтага арыштаванага ў следчым ізалятары № 1 ужываюцца асаблівыя меры бяспекі: прадпісана ажыццяўляць яго вывад з камеры толькі ў кайданках і ў прысутнасці кінолага з сабакам.

Вячаслаў Дацык вельмі крытычна настроены да цяперашняй расійскай улады. Некалькі дзён таму ён накіраваў прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну здзеклівыліст-заяву аб уступленні ў партыю «Адзіная Расія». Ліст напісаны ў двух экзэмплярах: на рускай мове і на трасянцы.

«Я хачу стаць на старану Пуціна і умесце з ім смяшаць кроу паследніх Русскіх у Інтэрнацыянальным межрассавам совусе і дабіць Русскі народ, які забыў сваіх прэдкау і пращурау заветы і стал рабом і цярпілам»,

 — тлумачыць сваё імкненне ўступіць у партыю ўлады Руды Тарзан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?