Супернікам барысаўскага БАТЭ ў 2-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў будзе чэмпіён Паўночнай Ірландыі «Лінфілд». Лёсаванне прайшло сёння ў швейцарскім Ньёне.

Матчы адбудуцца 12–13 і 19–20 ліпеня. Першы матч барысаўскі клуб правядзе ў гасцях.

Клуб «Лінфілд» (Белфаст) заснаваны ў 1886 г., 50-ціразовы чэмпіён Паўночнай Ірландыі.

Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка ў інтэрв’ю афіцыйнаму сайту клуба заявіў, што спакойна ўспрыняў вынікі лёсавання:

«Першапачаткова, калі яшчэ не адбылося падзелу па групах, не вельмі хацелася сустрэцца з прадстаўнікамі былых паўднёвых рэспублік Савецкага Саюза — Азербайджана, Арменіі, таго ж Казахстана. Калі выбар звузіўся да шасці варыянтаў, то я не бачыў прынцыповай розніцы, з кім гуляць. Усе каманды добрыя, але ніхто з агульнага шэрагу не вылучаўся. Адзінае, нам лягчэй было б сабраць інфармацыю па «Флоры» і «Сконта». З «Лінфілдам» у гэтым плане больш складана. (…) Зыходзячы з нашага вопыту, ведаю, што загадзя цешыцца ці засмучацца нельга. Калісьці нам выпадалі «Андэрлехт» і «Леўскі», прайсці якія, як многія лічылі, для БАТЭ маларэальна. З іншага боку, варта памятаць і пра «Вентспілс», калі нам прадказвалі даволі лёгкае жыццё, але здарылася па-іншаму».

***

З клубамі з Паўночнай Ірландыі беларускія клубы перасякаліся двойчы.

У 2002 г. у 1-м раўндзе ЛЧ «Белшына» гуляла з «Портадаўнам»: 0:0 (у гасцях), 2:1 дома,

У 2003 г. у Кубку Інтэртота ў 1-м раўндзе «Шахцёр» гуляў з «Ома Таўнам» 1:0 дома, 7:1 у гасцях.

***

ФК «Мінск» у першым кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы згуляе з азербайджанскім «Алімпікам» (АЗАЛ),
за які гуляў і быў выгнаны Генадзь Блізнюк.

Матчы пройдуць 30 чэрвеня і 7 ліпеня. Першы матч адбудзецца ў Мінску.

Пераможца ў наступным раўндзе сустрэнецца з турэцкім «Газіантэпспорам».

Салігорскі «Шахцёр» стартуе з 2-га раўнду ЛЕ. Яго супернікам будзе латвійскі «Вентспілс»,

што два гады таму выбіў БАТЭ з кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Латвійскі клуб трэніруе беларускі спецыяліст Сяргей Падпалы.

Матчы пройдуць 15 і 22 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?