У сваёй заяве 20 чэрвеня Рада Міністраў ЕС адзначыла тры галоўныя праблемы. Найперш гэта палітычны пераслед, у тым ліку зняволенне экс-кандыдатаў у прэзідэнты. У тым ліку: «ЕС падкрэслівае свой глыбокі непакой паведамленнямі пра катаванні і іншыя формы кепскага абыходжання ў беларускіх турмах і заклікае беларускія ўлады выконваць міжнародныя забавязанні, прынятыя на сябе Беларуссю».

Па-другое, гэта парушэнні права на свабоду слова. ЕС згадвае іскі на закрыццё «Нашай Нівы» і «Народнай Волі». закрыццё «Аўтарадыё» і суд над Пачобутам.

Па-трэцяе, і гэта даволі нечакана, ЕС «заклікае Беларусь паважаць нормы дыпламатычнага імунітэту… і спыніць запалохванне і пераслед» дыпламатычнага персаналу краін ЕС у Беларусі. Магчыма, існуюць нейкія факты, пра якія беларускія СМІ не ведаюць.

ЕС вітае рашэнне Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця адмовіцца ад праектаў з удзелам дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі.

У той жа час ЕС выказвае намер весці перамовы з беларускім бокам пра рэадмісію і спрашчэнне візавага рэжыму.

Рада Міністраў ЕС заяўляе, што ў выпадку далейшага пагаршэння сітуацыі «ЕС гатовы прыняць кропкавыя меры ва ўсіх адпаведных кірунках супрацоўніцтва».

Нагадаем, што Рада Міністраў замежных справаў ЕС пашырыла спіс неўязных у ЕС і ўпершыню ў гісторыі адносін замарозіла актывы трох прадпрыемстваў, якія яна лічыць звязанымі з Аляксандрам Лукашэнкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?