Першая частка фотавынікаў

Зыход году – пісьменьнікі здалі Дом літаратара бяз бою на карысьць Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта

Госьць года – Уга Чавэс. Прэзыдэнт іншай краіны – рэдкі госьць у Беларусі

Энэрджайзер года – Аляксандар Мілінкевіч. Адзіны з апазыцыйных палітыкаў, які значную частку 2006 году правёў у рэгіёнах ‑ 2 454 гадзіны ці амаль 3,5 месяцы. Больш за 120 тыс кілямэтраў па беларускіх гарадах, мястэчках і вёсках, сустракаючыся з выбарцамі ў кватэрах, прахадных заводаў, ля ўнівераў, рынкаў і проста на вуліцы

Тупік года – ўсталяваньне помніка Феліксу Дзяржынскаму ў Менску. У той час, калі па ўсім сьвеце зносяць савецкія помнікі, а камуністычныя рэжымы прызнаюць злачыннымі, у Беларусі ўсталёўваюць помнік заснавальніку чырвонага тэрора

Салідарнасьць года – хто сьвечкай, а хто пікетам, апазыцыя штомесяц 16‑га праводзіць акцыі салідарнасьці з палітзьняволенымі і іх сем’ямі. Дата стала народнай ‑ прыдуманая «хартыйцамі», яна адзначаецца самымі рознымі апазыцыйнымі сіламі. Самай гучнай акцыей салідарнасьці стаў Джынсавы Фэст, калі пасярод канцэрту было вырубленае сьвятло

Будоўля года – Нацыянальная бібліятэка. No comments

Сустрэча з выбаршчыкамі году – каб перашкодзіць Мілінкевічу правесьці сустрэчу зь менчукамі, плошча Свабоды была абнесеная жалезнай агароджай, а самога кандыдата ў прэзыдэнты сустракаў спэцназ на чале з галоўным крапавым бярэтам – палкоўнікам Паўлічэнкам.

Песьні году – «Песьні свабоды», самы масавы канцэрт забароненых рок‑гуртоў

Настаўнік году – Алесь Чыгір, бацька траіх дзяцей, дэпутат бабруйскага гарсавету. Быў звольнены са школы, дзе працаваў настаўнікам гісторыі, за ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі. На знак пратэсту супраць звальненьня прыкаваў сябе ланцугамі да слупа ля гарвыканкама

Амнэзія году – Мікалай Аўтуховіч, палітвязень, на якога ўсе забыліся. Прадпрымальнік, змагаўся з дзяржавай за права весьці свой бізнэс, галадаў рэкордную колькасьць дзён, у красавіку быў асуджаны за фінансавыя махінацыі

Рэстаратар года – Максім Мірны, найлепшы беларускі тэнісіст, айчынны (легальны!) мільянэр, заняўся рэстаранным бізнэсам. І ня дзе‑небудзь, а ў Менску

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0