Аляксандр Лукашэнка вечарам 22 чэрвеня ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» узяў удзел у памятных мерапрыемствах, прысвечаных 70-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, ён у тым ліку пагутарыў з расійскімі журналістамі — удзельнікамі прэс-тура ў Беларусь. Адзін з журналістаў пацікавіўся ў Лукашэнкі, што азначае для яго Вялікая Айчынная вайна і паняцце памяці. «Наша Вялікая Перамога — гэта наш вялікі набытак — Беларусі, Расіі, Украіны і ўсяго Савецкага Саюза, савецкіх людзей, дый не толькі. Гэты вялікі набытак апошнім часам у нас паціху спрабуюць забраць.

Нас ужо абвінавачваюць у тым, што мы вайну развязалі»,
 — падкрэсліў ён.
«Нас сёння спрабуюць нахіліць. На жаль, і ў Расіі нямала такіх, і асабліва на Захадзе.

Нас хочуць навучыць, а я ім нагадваю: у нас яшчэ не памерла пакаленне не толькі франтавікоў, але і тых, хто быў дзецьмі ў гады вайны, шмат тых, хто памятае тую заслугу і вялікую ролю, якую адыграў савецкі народ у вызваленні свету ад карычневай чумы», — зазначыў Лукашэнка.

«Хто нас сёння спрабуе вучыць?

Тыя, якія на калені сталі перад фашыстамі, або тыя, хто трэцюю частку нашага насельніцтва ў Беларусі знішчыў.
Таму перш чым нас вучыць і нахіляць, вы, калі ласка, аддайце даніну павагі не толькі савецкаму народу ў цэлым, але і беларусам», — заявіў ён.

Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што абсалютная большасць расіян у выпадку неабходнасці стануць у адзін строй з беларусамі, абараняючы сваю Айчыну. «Тут была апора нашай Айчыны, яна і будзе», — дадаў ён.

Выступаючы перад пачаткам канцэрта-рэквіема, які прайшоў на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, Лукашэнка зазначыў, што «ў шэрагу дзяржаў мэтанакіравана і свядома вытручваецца гістарычная праўда».

«У галовы моладзі ўдзёўбваюцца цалкам няправільныя паняцці пра дабро і зло.
У грамадстве насаджаецца новая мараль, якая апраўдвае агрэсію і дамінаванне адных дзяржаў над другімі», — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што сёння ў некаторых «суперцывілізаваных і ахопленых дэмакратыяй краінах» савецкіх салдат ставяць на адну дошку з фашыстамі, над імі арганізоўваюць паказальныя суды.

Ён лічыць

«самым верхам подласці і цынізму ўшаноўванне баевікоў „Вафен-Эс-Эс“, чые рукі заліты крывёй мірных жыхароў, вязняў канцлагераў».

Ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што для беларускай дзяржаўнасці спадчына герояў з’яўляецца краевугольным каменем і беларусы не дапусцяць рэвізіі вынікаў мінулай вайны. «Мы будзем заўсёды выхоўваць нашу моладзь на прыкладах павагі да слаўнага мінулага, гуманізму, патрыятызму і чалавекалюбства. Мы ніколі не станем іванамі, якія не памятаюць радства з усімі, хто пакутаваў, змагаўся і перамог», — запэўніў Лукашэнка.

23 чэрвеня Лукашэнка працягне рабочую паездку па Брэсцкай вобласці. Кіраўнік дзяржавы наведае прамысловыя прадпрыемствы Брэста.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?