У суботу ў дацкім Ольбаргу на чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі а 16-й пройдзе матч за 3-е месца. Гэта будзе гульня за пуцёўку на футбольны турнір Алімпійскіх гульняў ў Лондане.

Зборная Чэхіі перад матчам супраць Швейцарыі, daylife.com

Зборная Чэхіі перад матчам супраць Швейцарыі, daylife.com

 Гульня са Швейцарыяй. Не адступаць і не здавацца, daylife.com.

Гульня са Швейцарыяй. Не адступаць і не здавацца, daylife.com.

 Мехмедзі толькі што забіў мяч, чэхі будуць гуляць за 3-е месца, uefa.com.

Мехмедзі толькі што забіў мяч, чэхі будуць гуляць за 3-е месца, uefa.com.

У апошнім матчы групавога турніру Чэхія — Англія падапечныя Георгія Кандрацьева, што прысутнічалі на гульні, заўзелі за англічан (іх выхад у паўфінал гарантаваў нам пуцёўку на Алімпіяду).

На 76-й хвіліне Дэні Уэлбэк адкрыў лік, і беларусы былі адной нагой у Лондане. Але гадаванцы Сцюарта Пірса перамогу ўпусцілі.

Трэнер чэхаў Якуб Доваліл угадаў з заменамі. На 89-й хвіліне Марцэл Гецаў прастрэліў у штрафную, і мяч рыкашэтам ад таго ж Уэлбэка трапіў да Яна Храмосты.

Брытанцы кінуліся адыгрывацца — і прапусцілі контратаку. Герой сустрэчы Храмоста вывеў на ўбойную пазіцыю Томаша Пекгарта — 2:1.

Чэхія — у паўфінале, а беларусам самім даводзіцца вырашаць пытанне з пуцёўкай на Гульні-2012.

У паўфінале ў сераду чэхі саступілі ў дадатковы час швейцарцам 0:1 (на 114-й хвіліне вызначыўся Мехмедзі).

Апошні раз ў паўфінале зборная Чэхіі гуляла ў 2002 г. і потым стала наймацнейшай на кантыненце. Цяпер на коне стаіць пуцёўка на Алімпіяду,

і суботні матч на 3-е месца мала чым розніцца ад фіналу чэмпіянату Еўропы.

У кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы зборная Чэхіі выступала ў адной групе з Ісландыяй, Нямеччынай, Паўночнай Ірландыяй і Сан-Марына і паказала бліскучы вынік, набраўшы 22 балы ў васьмі гульнях: 7 перамог, 1 нічыя, 0 перазаў, розніца мячоў: 25–4. Нямеччына ж фінішавала толькі трэцяй.

У плей-оф чэхі расправіліся з Грэцыяй: 3:0 дома і 2:0 у гасцях. У групавым этапе выйгралі 2:1 ва Украіны, прайгралі 0:2 Іспаніі і, як адзначалася, атрымалі валявую вікторыю над Англіяй (2:1).

З 23-х гульцоў зборнай Чэхіі нацыянальны чэмпіянат прадстаўляюць 15 гульцоў, легіянераў — восем.

Найбольшая колькасць легіянераў на чэмпіянаце толькі ў Ісландыі (13) і Швейцарыі (9). У беларусаў чатыры гульцы выступаюць за мяжой.

Трое легіянераў у чэхаў прадстаўляе «любімы» беларускімі заўзятарамі бельгійскі «Андэрлехт» (Лецьякс, Мазух, Марачак), двое абараняюць колеры нямецкага «Кайзерслаўтэрна» (Глоўшэк, Маравек).

За маскоўскі «Спартак» гуляе Марак Сухі, Марак Штэх за лонданскі «Уэст Хэм». Лібар Козак за «Лацыё».

Сапраўдныя лідары каманды выступаюць у нацыянальным чэмпіянаце. Адзін з іх — Томаш Пекгарт, які год таму не здолеў замацавацца ў англійскім «Тотэнхеме», вярнуўся на радзіму, правёў выдатны сезон за «Спарту» і зарабіў чатырохгадовы кантракт з «Нюрнбергам». У кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы Пекгарт забіў 9 мячоў.

Пекгарт натхняецца золатам хакейнай зборнай у Нагана ў 1998 г. Перад гульнёй са Швейцарыяй, трэнер Доваліл паказваў сваім гульцам відэазапісы і фоты алімпійскіх перамог чэшскіх спартоўцаў.

«Такія фоты павінны забяспечыць прыліў сіл як у псіхалагічным, так і фізічным плане. Думаю, гэта спрацавала. У мяне самога мурашкі па скуры бегалі», — сказаў Пекгарт, якому ў 1998 г. было восем гадоў.

«Аб гэтай перамозе да гэтага часу памятае абсалютна кожны. Тое золата стала адным з найвялікшых дасягненняў, якія нам даваліся ў хакеі.
Гэта было нешта неверагоднае, — працягнуў 22-гадовы форвард. — Мы хочам паўтарыць поспех хакеістаў, але спачатку нам трэба забіць за сабой пуцёўку на Алімпіяду.
Калі мне было дзесяць, перад мной стаў выбар: футбол або хакей. Спадзяюся, я не пралічыўся».

Чэхія — крэпкі арэшак, але і ў беларусаў высокая стаўка. Таму шанцы на суботні матч 50 на 50, ці 49 на 51 :)

А як думаеце вы?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?