Добры дзень, паважаная рэдакцыя.

Вашу газету пачаў чытаць зусім нядаўна. Думаю, прычыны ясныя.

Некалі даўно, у студэнцтве, я казаў, што буду падтрымліваць цяперашні рэжым да таго часу, пакуль не вырашу заняцца сваёй справай або пакуль буду працаваць на вытворчасцях, што датуюцца дзяржавай.

З цягам часу змяняліся не толькі прыярытэты, але і погляд на існую сітуацыю.
Праз адсутнасць павагі да маёй галавы з боку дзяржавы я з’ехаў працаваць у Маскву, хоць увесь час быў звязаны з Беларуссю, вучыўся ў Акадэміі кіравання на завочным, атрымліваючы трэцюю вышэйшую адукацыю (я інжынер, перакладчык і эканаміст, прычым лічу, што цалкам шчыра адвучыўся ўсюды).

Бачачы скоцкае стаўленне да маёй краіны ў Расіі сярод звычайных людзей, я ўсё мацней хацеў вернуцца дадому, але пакуль я там патрэбен толькі як грамадзянін, а не як крыніца развіцця эканомікі і прамысловасці. Таму ўсё часцей стаў чытаць вашу газету, хоць раней ставіўся да вас негатыўна.

Ведаеце, да чаго гэта падобна? Да таго, калі маленькі чалавечак не хоча ісці са школы дадому — там п’яны дэбашыр бацька і пастаянны галаўны боль ад шуму, хочацца ўцячы, але дом ёсць дом, і туды цягне.
А потым знаходзіцца месца, дзе табе не тое каб радыя, але там ты хаця б можаш спакойна бавіць час.

Вялікі дзякуй за аператыўную і цікавую інфармацыю. Асаблівы і асобны дзякуй за беларускую мову. Мне прыемна чытаць і ўсведамляць, што ў нас, акрамя ўсяго іншага, ёсць выдатная прыкмета асобнай нацыі — мова. Але месцамі мне не ўсё зразумела. Як вы думаеце, можа, варта звярнуцца да нашых лінгвістаў і арганізаваць нейкія інтэрактыўныя курсы па беларускай мове?

Мне 27, жыццё наперадзе, я хачу правесці яго ў Беларусі і хачу, каб мае дзеці гаварылі на роднай мове.
Не ўпэўнены, што многім захочацца зноў вучыць мову, але людзі з нацыянальным стрыжнем ёсць, няхай іх і не так шмат.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?