Пра гэта БелаПАН заявіла кіраўнік аддзела прэсы, інфармацыі і камунікацый МЗС Швецыі Сесілія Юлін.
«Шведскі дыпламат таксама быў падвергнуты гэтаму насіллю, што з’яўляецца абсалютна непрымальным і яшчэ раз пацвярджае непавагу рэжыму да фундаментальных дэмакратычных правоў і свабод», — зазначыла Юлін.
22 чэрвеня падчас акцыі маўклівай салідарнасці ў цэнтры Мінска супрацоўнікі праваахоўных органаў спрабавалі затрымаць прадстаўніка пасольства Швецыі. Пасля таго як ён паказаў свае дакументы, інцыдэнт быў вычарпаны.
У пасольстве Швецыі ў Беларусі гэты факт не каментуюць. Аднак, як паведаміла шведская газета Aftonbladet, інцыдэнт адбыўся з другім сакратаром пасольства Швецыі Дэвідам Эмтэстамам. Фатаграфія, зробленая ў момант спробы затрымання дыпламата, ужо абляцела ўвесь свет.
Зараз Дэвід Эмтэстам фактычна кіруе пасольствам Швецыі ў Мінску, таму што пасол Стэфан Эрыксан знаходзіцца ў адпачынку.