Правы і свабоды ў Беларусі ніхто не абмяжоўваў і рабіць гэтага не будзе, заявіў журналістам 23 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу кіраўнік урада Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

«Тое, што тычыцца нейкіх акцый непадпарадкавання, гэта б я, як прэм’ер, ведаў гэтыя факты. Ніякіх палітычных рашэнняў ці абмежавання свабод не назіраецца і не будзе», — цытуе Мясніковіча РІА Новости. Паводле яго слоў, Беларусь — «

гэта дэмакратычная дзяржава, якая гатова прытрымлівацца і ўласнага заканадаўства, і міжнароднага».

Нагадаем, вечарам 22 чэрвеня ў Беларусі адбылася акцыя маўклівага пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Тысячы людзей па ўсёй Беларусі выйшлі на цэнтральныя плошчы і вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з палітыкай кіраўніцтва краіны. Паводле даных праваабаронцаў, па ўсёй Беларусі ўчора было затрымана больш за 460 чалавек. 23 чэрвеня ў Мінску праходзяць суды над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі маўклівага пратэсту. Яны абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве на падставе артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?