Застой у шахматным жыцьці сышоў колькі гадоў таму, і ў 2006 г. падзеяў не бракавала. Часам гульцам нават выпадаў выбар: ці то дагульваць першую лігу ў Менску, ці то скакаць на тэмпатурнір у Асіповічы.

Прапаную чытачам «Каісы» ўласны позірк на вынікі шахматнага году. Запрашаю інтарасантаў высоўваць альтэрнатыўныя вэрсіі, пагатоў Фэдэрацыя шахмат (у адрозьненьне ад шашачнай) рэдка «паглядам акідвае шлях».

Шахматыст году: Сяргей Жыгалка. 17‑гадовы юнак ня толькі стаў гросмайстрам, але і выйграў Чэмпіянат Эўропы (U‑18), у т.л. па хуткіх шахматах і па бліцу. Заслугоўваюць ухвалы і выступ Вячаслава Дыдышкі на першынстве краіны (10 з 13), і дэбюты Аляксандры Шаровай у Вышэйшай лізе (7,5 з 11), Юр’я Ціханава на Сусьветнай алімпіядзе ў Турыне (4 з 6).

Трэнэр году: Раман Фядосенка з Мазыра. Гэты малады чалавек, адкрывальнік таленту Лены Таіравай, прывёў дачку Рагнеду да перамогі ў першынстве Беларусі сярод дзяўчатак да 8 гадоў. Не яго віна, што Рагнеда не паехала на батумскі Чэмпіянат сьвету ў кастрычніку — у разгар канфлікту Грузіі з Расеяй.

Судзьдзя году: Зьміцер Лыбін. Міжнародны арбітар удала «разруліў» вышэйшую лігу Чэмпіянату Беларусі ў сакавіку і «Інаўтамаркет‑оўпэн»‑2 у ліпені.

Клюб году: бясспрэчна, менская «Вясьнянка», суполка, што 4‑ы раз запар выйграла нацыянальны чэмпіянат. Пажарнік Леанід Школьнікаў (старшыня) і гросмайстар Сяргей Азараў скаапэраваліся зь віцэ‑чэмпіёнам краіны Аляксеем Фёдаравым. На першынстве Эўропы (кастрычнік, Аўстрыя) каманда зачапілася за 6‑е месца з 56 — беспрэцэдэнтны вынік.

Выдавец году: Вадзім Жылко з Лунінца. Паэт‑гісторык малымі сіламі цягне кампазытарскі бюлетэнь «Альбино», а ў 2006 г. падрыхтаваў 6 нумароў дадатку «Альбино‑плюс» з размаітымі артыкуламі для аматараў літаратуры і практычнай гульні. Дарэчы, ён — адзіны беларус, які шмат гадоў выступае экспэртам у конкурсах маскоўскага часопісу «64».

Шахматны сайт году: brestchess.narod.ru. Берасьцейцы, не перагружаючы наведнікаў інфармацыяй, пастаўляюць даступны і дасьціпны зьмест: асабліва падкупілі «Шахматы для чайнікаў». На жаль, цэнтральны рэсурс bychess.info у 2006 г. крыху збавіў абароты, а «Жаночыя шахматы» ўвогуле зачыніліся.

Страты году: Памерлі Ратмір Холмаў і Давід Бранштэйн, гросмайстры, якія не нарадзіліся ў Беларусі, але доўга жылі тут, уплывалі на яе шахматны ляндшафт.

Ну і… бурбалка году. Неадбыты клюбны чэмпіянат краіны сярод жанчын, пра які згадвалася ў «НН» № 45, 2006.

Вольф Рубінчык

[email protected]

Як бы вы згулялі?

В. Волчак, А. Сымановіч, 2006. Мат за 2 хады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0