У віленскім Інстытуце беларусістыкі выйшла кніга «Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі». Зьмест выданьня складаюць тэксты, якія пабачылі сьвет у чатырох кнігах мінулых гадоў «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001» (2001), «Беларуска‑расейская інтэграцыя» (2002), «Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі» (2003), «Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму» (2005).
Кніга мае сем разьдзелаў: «Палітычная сцэна Беларусі паміж 1990 і 1996», «Палітычная сцэна паміж 1996 і 2000», «Прэзыдэнцкія выбары 2001 году», «Палітычная сцэна Беларусі паміж 2001 і 2003», «Палітычная сцэна Беларусі 2003‑2004. Парлямэнцкія выбары 2004 году», «Беларуска‑расейская інтэграцыя», «Партыйная сыстэма Беларусі. Беларускія палітыкі».
Аўтарамі кніжных артыкулаў выступаюць аналітык Сяргей Бабаеў, рэдактар часопісу «ARCHE» Валер Булгакаў, правазнаўца Аляксандар Вашкевіч, палітоляг Ірына Екадумава, філёзаф Андрэй Екадумаў, аналітык Алесь Зелімханаў, палітоляг Андрэй Казакевіч, палітоляг Андрэй Ляховіч, палітоляг Пётра Натчык, палітоляг Вольф Рубінчык, правазнаўца Міхаіл Пастухоў, правазнаўца Міхась Пліска, публіцыст Алесь Пяткевіч, палітэканом Віталь Сіліцкі, палітоляг Юры Чавусаў.
У канцы кнігі зьмяшчаецца сьпіс самых вядомых беларускіх палітыкаў, а таксама фатаздымкі тых самых палітыкаў ад Машэравай да Севярынца.
Варта адзначыць, што кніга мае нязручны, велічэзны, фармат. Аб’ём выданьня звыш 700 старонак. Шукайце ў незалежных распаўсюднікаў.