Палітвязень даслаў чарговы ліст са шклоўскай калёніі.

«На каранціне сядзяць па два тыдні. Але можна ўзяць і ўсе навагоднія сьвяты тут. Умовы такія, што турма здаецца проста санаторыем. Увесь дзень ганяюць на нарады (месьці, грузіць, карміць), пастраеньні з праверкамі і г.д. Часу ледзь знаходжу на тое, каб пачытаць трохі Біблію, ды пасьпець адказаць на лісты, каторыя пад сьвятлом вулічнага ліхтара адпісваю да гадзінаў 24‑х. А ў 4.30 падымаюся. Пад’ём, праўда, у 5, але тады не пасьпяваеш папіць гарбаты, бо ў 5.15 на пару гадзінак, у любое надвор’е, выганяюць на вуліцу, каб прыбраць памяшканьне. Прыборкі, безумоўна, добра, але як іх тут робяць па тры разы на дзень, дык проста дурэюць усе.

На пачатку гэтага тыдня, як кажуць, прыехала сюды нейкая дэлегацыя, каторая, абчытаўшыся матэрыялаў пра вызваленьне Міколы, вырашыла навесьці парадак на зоне. Ну і даўшы па шапкам некаторым, узяліся за мяне. Адзін кіраўнічок мясцовы заявіў, што калі я не спыню агітацыю, пасадзяць мяне ў адзіночку, а яшчэ могуць нават накінуць пару гадкоў. Калі я пачаў тлумачыць яму, што размаўляю з зэкамі на хрысьціянскія тэмы, дык ён пачырванеў ад злосьці на маю незгаворлівасьць, дакалупаўся да маёй цёплай безруккавачкі і вынес мне два папярэджаньні. Сёньня мне шапнулі, што ніякія ІТРы і УДО мне не пагражаюць.

Учора атрымаў «Нашу Ніву» – ад газэты цэнзары пакінулі толькі адну старонку, «газэтку дзеткам»».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0