Моцныя маразы нарабілі шкоды азіміне. Тыдзень у студзені тэмпэратура трымалася ніжэй за –20, а месцамі і –35 градусаў. Дый сьнег быў невысокі. У азімага рапсу найбольш адчувальная кропка росту, што знаходзіцца на глыбіні глебы у 2 см. Непашкоджаная, яна дае шанец расьліне з памерзлай надземнай часткай адрасьці вясною. Аднак сёлета, паводле Інстытуту земляробства і сэлекцыі НАН, праз маразы пагінула да 80% азімага рапсу пры агульнай пасяўной плошчы 100 тыс.га. Пагінула амаль уся шматгадовая белая канюшына, якая, як і рапс, вытрымлівае толькі мінус 14 градусаў.

Што да збожжавых, то паводле дырэктара Інстытуту земляробства і сэлекцыі акадэміка Міхаіла Кадырава, імавернасьць гібелі 20—25% азіміны істотная. Звычайна непазьбежныя страты складаюць 3—5% ад пасеянай плошчы.

Паводле М.Кадырава, Мінсельгасхарчу ўжо атрымала рэкамэндацыі спэцыялістаў наконт таго, што, дзе і чым перасяваць.

Парада садаводам

У лютым ствалы садовых дрэваў найбольш церпяць ад марозу. Асабліва заходняя іх частка — нагрэтая сонцам у полудзень, яна хутка ахалоджваецца ў выніку перападу тэмпэратуры ўвечары. У такіх месцах утвараюцца так званыя маразабойныя расколіны, якія ў вяснова-летні пэрыяд робяцца крыніцамі захворваньняў. Каб гэтага пазьбегнуць, ствол дрэва варта ўжо ўзімку пафарбаваць белай фарбай з дадаткам меднага купарвасу. І робіцца гэта ў лютым, калі ёсьць практычная карысьць. Таксама ў гэты час можна рабіць абрэзку ваўчковых парасткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?