Палітвязень даслаў ліст з калоніі, але так і не ясна, ці выйшаў ён з карцара.

Мікіта Ліхавід. Фота Сяргея Гудзіліна.

Мікіта Ліхавід. Фота Сяргея Гудзіліна.

Маці Мікіты Алена спасылаецца на неправераную інфармацыя, што сын усё яшчэ знаходзіцца ў карцары. Адміністрацыя ж калоніі нічога не паведамляе: настойвае, каб жанчына звярталася да іх пісьмова.

22 чэрвеня Алена Ліхавід атрымала ліст ад сына.

«Сёння роўна шэсць месяцаў, як я выйшаў на дзве гадзіны і затрымаўся».

Мікіта некалькі разоў засяроджвае ўвагу, што ў яго ўсё добра, не хварэе. І адзначае, што у штрафным ізалятары «няма нічога страшнага». «Я табе скажу па сакрэце, што там даюць у 2-3 разы ежы больш, чым у атрадзе». Алену такі тон ліста насцярожвае. Маўляў, пісаў ён для цэнзуры хутчэй. Пасля гэтага допісу жанчына яшчэ больш засумнявалася, што сына выпусцілі з карцара.

«Тое, што пахуднеў — справа нажыўная, папраўлюся», — напісаў Ліхавід. І дадаў, што «душа і памяць вечныя».

З допісу стала вядома, што вязень чытаў у газеце артыкул пра Фёдара Мірзаянава. Але напісаць ліст яму не можа — перапіска паміж зняволенымі забаронена. Так, Мікіту не аддалі лісты ад Аляксандра Атрошчанкава і Змітра Дашкевіча. Затое Ліхавід атрымлівае шмат лістоў са словамі падтрымкі ад іншых людзей.

«Гандзі таксама адразу не маглі зразумець, але ён змяніў свет»,

— закончыў ён ліст.

Мікіта Ліхавід асуджаны на 3,5 гады калоніі за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010. Раней ён ужо правёў 10, 15 і 5 дзён у карцары. Апошні раз у штрафны ізалятар яго павінны былі змясціць на пяць дзён.

Напісаць палітвязню можна на адрас:

211440 Віцебская вобл., г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, папраўчая калонія № 10. Мікіту Ліхавіду.

***

Карцар (штрафны ізалятар) — гэта спецыяльна ізаляваная камера ў турме для часовага ўтрымання парушальнікаў рэжыму. Цягам знаходжання ў ім не выводзяць на вуліцу. Практыкуюцца паніжаныя нормы харчавання. У карцары выдаецца спецыяльная роба. Цёплыя рэчы забароненыя. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае, што летам яшчэ трываць можна, а зімой ад холаду не заўжды магчыма заснуць. Удзень нары прыбіраюць, а класціся на падлогу нельга. Можна стаяць альбо сядзець на табурэце. Па словах Стэфановіча, праваабаронцы такія нормы лічаць катаваннем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?