У Варшаве каля будынка пасольства Беларусі праходзіць акцыя пратэсту з патрабаваннем вызваліць гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута. Арганізатарамі акцыі выступілі выданне Gazeta Wyborcza, дзе працуе Пачобут, а таксама варшаўскі фонд «Свабода і дэмакратыя».

Як паведаміў сакратар гэтага фонду Марэк Буцько, акцыя прымеркавана да магчымага вынясення прыгавору Пачобуту сёння ў Гродне (ужо пасля пачатку акцыі стала вядома, што судовыя слуханні па справе Пачобута перанесены на 5 ліпеня)

Паводле слоў Буцько, удзельнікі акцыі спадзяюцца прыцягнуць увагу вадзіцеляў аўтамабіляў, каб яны сігналілі, праязджаючы міма беларускага пасольства. Акрамя таго, да ўдзелу ў пратэсце прыцягваюцца пешаходы.

Уласны карэспандэнт Gazeta Wyborcza ў Гродне Андрэй Пачобут абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 368 (зневажанне прэзідэнта Беларусі) і ч. 1 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) за публікацыі ў Gazeta Wyborcza, на сайце «Беларускі партызан» і на старонцы ў «Жывым журнале». Сваёй віны журналіст не прызнае.

З 6 красавіка Пачобут знаходзіцца пад вартай. Суд над ім вядзецца ў закрытым рэжыме.

Вызвалення беларускага журналіста патрабуюць праваабаронцы, улады Польшчы, ЕС і ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?