Заўтра, 29 чэрвеня, ў розных гарадах Беларусі ізноў адбудуцца гулянні. Як і ў мінулы раз хутчэй за ўсё скончацца яны затрыманнямі. Што рабіць у тым выпадку, калі вас затрымалі і прад’явілі абвінавачванні? Раіць юрыст Леанід Судаленка.

 Фота Антона Матолькі, toxaby.livejournal.com

Фота Антона Матолькі, toxaby.livejournal.com

Затрыманне

Важна памятаць, што супрацоўнікі міліцыі надзелены правам затрымаць і даставіць у аддзяленне міліцыі на тэрмін да 3-х гадзін практычна любога ня ўпадабанага ім грамадзяніна. На тэрмін звыш 3-х гадзін, але не больш чым на 72 гадзіны (трое сутак) могуць быць затрыманыя грамадзяне, падазраваныя ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, за якое ў якасці спагнання прадугледжаны адміністрацыйны арышт (напрыклад, артыкул за «хуліганку»).

Як правіла, спачатку затрымліваюць для высвятлення асобы (наяўнасць пры сабе пашпарта пажадана, але не з’яўляецца гарантыяй ў такіх выпадках). Ужо потым, у залежнасці ад сітуацыі альбо адпускаюць, альбо складаюць адміністрацыйны пратакол.

Варта памятаць, што супрацоўнікі міліцыі самастойна ў дачыненні да затрыманага ніякага рашэння не прымаюць
, усё залежыць ад каманды, якая паступіць ім з «Цэнтра», які пакуль дае каманды на папаўненне бюджэту штрафамі, у тым ліку і па артыкуле за «хуліганку» (выпадак гамяльчаніна Руслана Усціменка — па артыкуле 17.1 дробнае хуліганства, за які можна атрымаць максімальна 15 сутак арышту ён атрымаў 20 базавых велічынь штрафу, па артыкуле 23.4 непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі ён атрымаў 2 базавыя, хоць максімальная санкцыя да 1 750 000 рублёў).

Пры затрыманні раю нічога супрацоўнікам міліцыі не даказваць, яны «сляпыя» выканаўцы. Важна быць ахайна апранутым, мець пры сабе пашпарт асобы, ну і вядома пажадана нават піва не ўжываць перад акцыяй. У любым выпадку лёс затрыманага вызначыць «Цэнтр». Суд тут таксама значэння не мае, таму раю не марнавацца на адвакатаў. Адпусцяць праз тры гадзіны без складання пратаколу, значыць пашанцавала, складуць пратакол — пашанцавала менш.

Пра затрыманне фiзiчнай асобы супрацоўнікі міліцыі абавязаны скласці пратакол адміністрацыйнага затрымання, у якім паказваюцца дата і месца яго складання, пасада, прозвішча, імя і імя па бацьку службовай асобы, якая склала пратакол, звесткі пра асобу затрыманага, падставы, месца і час яго фактычнага затрымання. Копія пратакола ўручаецца затрыманаму па яго просьбе.

Калі пасля дастаўлення ў аддзяленне міліцыі Вас вырашылі абшукаць, раю не супраціўляцца, міліцыя мае права на асабісты ператрус у прысутнасці двух панятых. У сувязі з гэтым раю на акцыі нічога не браць з сабой лішняга.

Мабільны тэлефон супрацоўнікі міліцыі забіраць не маюць права, роўным чынам як і забараняць званкі,
за выключэннем выпадкаў змяшчэння ў ізалятар часовага ўтрымання. Раю не злоўжываць тэлефоннымі званкамі ў аддзяленні міліцыі, а зрабіць пару важных званкоў, паведаміўшы пра затрыманне сваім блізкім.

Выстаўленне абвінавачання

Калі супраць Вас пачалі складаць адміністрацыйны пратакол аб здзяйсненні правапарушэння, няхай нават з самым абсурдным абвінавачаньнем, раю не панікаваць, усё роўна сітуацыю не зменіш.

Важна памятаць, што пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні павінен змяшчаць дату і месца яго складання, пасаду, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, які склаў пратакол; звесткі аб асобе, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс; час, месца і абставіны здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння з указаннем на артыкул кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які прадугледжвае адказнасць за дадзенае правапарушэнне; прозвішчы, імёны і імёны па бацьку, адрасы пацярпелых і сведкаў, калі яны маюцца; адзнаку аб тым, што асобе, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, растлумачаны яго правы і абавязкі.

Пасля складання пратаколу раю яго ўважліва прачытаць і абавязкова падпісаць. Адмова ад подпісу ў знак не згоды з прад’яўлянымі абвінавачваннямі можа толькі пагоршыць Ваша прававое становішча, паколькі супрацоўнік міліцыі проста зробіць адмысловую адзнаку аб адмове. Разам з тым, у выпадку адсутнасці Вашаго подпісу на пратаколе супрацоўнікі міліцыі могуць яго перапісваць неабмежаваную колькасць разоў, не даючы пасля Вам шанцу выкарыстоўваць іх памылкі на сваю карысць. Наяўнасць Вашага подпісу на пратаколе пазбаўляе іх такой магчымасці.

Важна перад сваім подпісам у пратаколе зрабіць сваё пісьмовае тлумачэнне адносна прад’яўленых абвінавачванняў і потым запатрабаваць копію пратаколу.

Суд

Аб разглядзе адміністрацыйнай справы ў судзе падрабязна спыняцца не варта. Мне ўспамінаецца выпадак, калі на суд аднаго з грамадскіх актывістаў, які абвінавачваўся ў дробным хуліганстве з’явілася каля дваццаці яго калегаў. Пакуль мы праходзілі пашпартную працэдуру на пасту міліцыі і потым падняліся на другі паверх, мой калега атрымаў ужо сем сутак адміністрацыйнага арышту. Суд доўжыўся не больш трох хвілін.

Пра адсутнасць эфектыўнасці прысутнасці Вашага адваката на судзе я ўжо сказаў. Сведкі з Вашага боку пажаданыя, але вялікага значэння не маюць. Супраць Вас у судзе будуць хлусіць (ілжэсведчыць) супрацоўнікі міліцыі, распавядаючы суду як Вы гучна лаяліся матам, размахвалі рукамі, на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагавалі.

Супраць абвінавачванняў у дробным хуліганстве праваабарончая супольнасць Беларусі яшчэ не выпрацавала спосабаў абароны, за выключэннем некаторых выпадкаў, пра якія я скажу ніжэй. Бывалі выпадкі, калі супраць хлуслівых паказанняў двух супрацоўнікаў міліцыі мы прыводзілі ў суд па пяць і больш сваіх сведак. Суд ацэньваў гэтыя паказанні крытычна, быццам бы яны накіраваны на пазбяганне магчымай адміністрацыйнай адказнасці.

Тут узнікае тонкі юрыдычны момант. Сам факт «хуліганкі» эфектыўна ўжо абскардзіць не атрымаецца ні ў вышэйстаячых судах, ні ў пракуратуры.

А вось падаць скаргу аб адсутнасці справядлівага судовага разбору кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом цалкам можна.

У такім выпадку, для тых, хто не спыняецца і жадае ў будучыні атрымаць маральную перамогу, з’яўляецца магчымасць падачы скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека пасля вычарпання ўсіх унутраных сродкаў прававой абароны.

Пасля абвяшчэння пастановы трэба абавязкова ўзяць у суддзі засведчаную судом копію.

Абскарджанне судовай пастановы

Пастанову суда аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці можна абскардзіць у абласным судзе на працягу дзесяці сутак з моманту яго вынясення. Таксама скаргу хоць і не эфектыўна, але магчыма падаваць праз органы пракуратуры.

Скарга на пастанову суда адрасуецца ў абласны суд, але падаецца ў суд, якi вынес пастанову, які пасля атрымання скаргі накіроўвае яе разам з адміністрацыйнай справай у вышэйстаячы суд. Пры падачы скаргі неабходна выплаціць на рахунак райфінаддзела дзяржаўную пошліну, памер якой залежыць ад памеру прысуджанага штрафу. Калі штраф менш 350 000 рублёў, дзяржпошліна складзе 17 500 рублёў, ад 350 000 рублёў да 3 500 000 рублёў — дзяржпошліна складае 70 000 рублёў.

Пасля разгляду скаргі ў абласным судзе, куды, як правіла, заяўнік запрашаецца позвай, скаргу яшчэ можна падаваць на працягу паўгода на імя старшыні абласнога суда, а таксама старшыні Вярхоўнага суду, рашэнні якога з’яўляюцца канчатковымі і абскарджанню на тэрыторыі краіны не падлягаюць.

Крыху вышэй я казаў пра магчымасць падачы скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека на адсутнасць справядлівага судовага разбору кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Гэты механізм з’яўляецца досыць складаным у частцы даказвання і яго трэба пачынаць ужо ў судзе першай інстанцыі, што без спецыяльных ведаў не пад сілу шараговаму чалавеку. Скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека ў Беларусі ўмеюць рыхтаваць як праваабарончыя арганізацыі, так і асобныя праваабаронцы. Аднак гэтая ўжо іншая тэма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?