Міністар інфармацыі Русакевіч адкідае вэрсыю маскоўскай агенцыі "РИА Новости", нібыта зь 1 студзеня ў нас будуць затыкаць раты расейскім мэдыям.

Ён даводзіць, у прыватнасьці, што падпіска на выданьні суседняй краіны "прайшла пасьпяхова" (чаго ня скажаш пра незалежныя айчынныя пэрыёдыкі, тую ж "НН"!).

Натуральна, адбіраць падпісныя абанэмэнты ў паспалітага люду ня будуць. А вось што да электронных мэдыяў, дык тут бабуля надвая варажыла. Гледзячы як будзе разгортвацца сюжэт газавага супрацьстаяньня...

Зрэшты, таго расейскага телеперадаваньня ў нас і засталося з камарову дзюбу. Улады выявілі прадбачлівасьць яшчэ колькі гадоў таму. Як толькі адчулі нутром, што Крэмль наважыўся аддзяліць мух ад катлет.

Дарэчы, ці ўсе памятаюць, што першае гучнае адключэньне расейскіх каналаў зьнітавана зь фігурай... Уладзімера Замяталіна?

Так, таго самага, што нядаўна пастаўлены на "Беларусьфільм".

У траўні 2001 году ён быў першым намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Загадваў ідэалёгіяй, і ў прыватнасці мэдыйнымі пытаньнямі.

Дык вось, менавіта 8—9 траўня 2001 году расейскія тэлеканалы на нашай тэрыторыі цягам 13 гадзінаў былі перакрытыя праграмамі БТ. У прыватнасьці, замест звыклага для вэтэранаў параду на Краснай плошчы на ўсіх кнопках трансьлявалася аналягічнае мерапрыемства з удзелам афіцыйнага лідэра Беларусі.

Вось тады Ўладзімер Замяталін і заявіў, што гэта была "рэалізацыя сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь — рэальнага. Цягам пэўнага часу. То бок, мы паказалі магчымасьці нашай краіны".

І хаця сам Лукашэнка потым, улагоджваючы інцыдэнт, мусіў патлумачыць яго тэхнічнымі непаразуменьнямі, Масква, трэба думаць, дала болей веры трактоўцы Замяталіна.

Зразумела, выглядаў ён у гэтай гісторыі не як рамантык Адраджэньня, а хутчэй як нармальны палкоўнік, навучаны блякаваць танканебясьпечныя кірункі.

Магчымасьці перакрываньня расейскіх каналаў, імаверна, выпрабоўваліся ў зьвязку з тым, што не было ўпэўненасьці ў падтрымцы з боку Пуціна на восеньскіх выбарах-2001.

Але ж галоўнае — вынік.

Варта канстатаваць: айчыннае начальства цягам некалькіх апошніх гадоў мэтадычна "мінімізавала ў сыстэмны латак" маскоўскае перадаваньне на Беларусь.

Гэта адбывалася, між іншым, пад абуральныя воклічы часткі тутэйшых дэмакратаў. Яны просталінейна трактавалі працэс як чарговы наступ на свабоду слова.

Але ж, па-першае, які там сёньня плюралізм на маскоўскіх каналах? Сьмеху варта!

Па-другое... Так, пакуль што беларускую тэлевізію можна называць нацыянальнай збольшага толькі паводле фармальных атрыбутаў. Але! Ёсьць грунт, на якім усё прарасьце ў свой час.

Незалежнасьць Беларусі выбудоўваецца болей пакутліва, чым хацелася б. І не зусім паводле таго прыгожага, вытанчанага праекту, які мроіўся (і мроіцца!) летуценьнікам.

Але працэс ідзе. І ўсім, хто хварэе душой за будучыню краіны, варта асэнсоўваць нестандартныя рэаліі ды, карыстаючыся любой нагодай, рабіць у жаданым кірунку тое, што можна. Гэта болей карысна, чым як толькі цьвердзіць: во каб іншыя ўмовы, мы б ужо далі дыхту!.. А так — ня будзем пэцкаць свае белыя пальчаткі.

Нідзе ў сьвеце пераўтварэньні не адбываюцца ў ідэальным выглядзе. Як той казаў, рэвалюцыі задумляюць рамантыкі, робяць прагматыкі, а плёнам карыстаюцца нягоднікі.

Паглядзеце на рэаліі шэрагу посткамуністычных краінаў Эўропы: сёньня там на грэбені посьпеху найчасьцей не былыя дысыдэнты і змагары, а колішнія служкі той Сыстэмы...

Але ж хіба гэта падстава адмаўляцца ад мараў ды ўсё жыцьцё рыпець, якія дурні тыя рамантыкі?

Хочаш ня хочаш, а ўвесь агонь гарыць зь іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?