29.06.2011 / 19:48

Выклік Лукашэнку перахапіў захад Беларусі: масавыя шэсці ў Гродне і Брэсце + відэа 99

У Гродне сотні і сотні людзей прайшлі ад Савецкай плошчы да вакзала. Брэст ахвяраваў свабодай: 73 затрыманых, найбольшы хапун.

У Гродне сотні і сотні людзей прайшлі ад Савецкай плошчы да вакзала. Брэст ахвяраваў свабодай: 73 затрыманых, найбольшы хапун.

У Гродне на вуліцы выйшлі моладзь і сярэдні слой.

У Брэсце людзі выйшлі на вуліцы, нягледзячы на дождж.

Цэнтральныя плошчы Гродна сёння былі ачэпленыя. Удзень улады похапкам арганізавалі там танны кірмаш. А вось увечары абнеслі турнікетамі. На Савецкую плошчу не пускалі людзей без зялёных і чырвоных кепак.

Народ сабраўся каля Савецкай плошчы Гродна пад 19-ю вечара, як і штотыдзень. Але на пляц не пускалі. Тады людзі рушылі Савецкай вуліцай да плошчы Леніна.
А ад плошчы Леніна — у бок вакзала. Справа ў тым, што ў сацыяльных сетках напярэдадні заклікалі ў выпадку блакавання плошчаў гуляць у кірунку вакзалаў. У калоне, як паведамляюць крыніцы «Нашай Нівы» ў Гродне, было ад 1000 да 1500 чалавек. Гэта найбольшая акцыя пратэсту ў горадзе над Нёманам за некалькі гадоў.

Што звярнула ўвагу, да пратэстоўцаў далучыліся таксама групы людзей у чырвоных кепках, сагнаных на Плошчу ўладамі.

У Брэсце частка плошчы Леніна была абнесена металічнымі турнікетамі. Таксама ўлады выслалі на Плошчу аркестр, каб ён рэпетаваў выкананне гімна.

Людзі спачатку апладзіравалі кожнаму выкананню. Калі на Плошчы згрудзілася каля 300 чалавек, яны рушылі вуліцай Пушкінскай у бок Савецкай. Людзі пляскалі ў далоні і свісталі.

АМОН перакрыў Савецкую каля помніка 1000-годдзю горада. Туды ж былі падагнаны 4 аўтазакі. Людзі перад кардонам завярнулі на вуліцу Гогаля, рушылі ў бок бульвара Касманаўтаў. Аднак бульвар быў таксама перакрыты. Пачаўся хапун.

Як паведаміў «НН» брэсцкі журналіст Алесь Ляўчук, міліцыянты затрымалі больш за 50 (пазней прыйшлі звесткі: 73 асобы), у тым ліку яго і фотакарэспандэнтку БелаПАН Мілану Харытонаву. Алесь паведаміў, што знаходзіцца ў аўтазаку, разам з ім 6 чалавек.

Паводле ацэнкі мясцовай прэсы, на піку акцыі прысутнічала каля 600 чалавек. Паводле ацэнак удзельнікаў, іх сабралася больш, чым мінулы раз. У кожным разе, адбыліся самыя маштабныя палітычныя затрыманнні за ўсю найноўшую гісторыю горада.

Пакуль мінчукі хаваліся ад залевы, захад Беларусі прадэманстраваў жаданне зменаў. Аўтамабілісты масава сігналілі дэманстрантам.

Пратэсты па-ранейшаму мелі выключна мірны, пазітыўны характар, нягледзячы на ранейшае неаднаразовае ўжыванне ўладамі грубай сілы супраць мірных і нават маўклівых гулянняў.

Вось што піша ў Фэйсбуку гарадзенец Дзяніс Івашын:

Ужо ад 17.00 плошча Савецкая была ачэпленая турнікетамі. Патрапіць у цэнтр плошчы можна было толькі праз тэрміналы з мэталадэтэктарам. Дзіўнаваты аркестр граў музыку ваенных часоў, якую слухалі нешматлікія наведнікі гэтай імпрэзы ў чырвоных і зялёных капелюшах. Народ, які прыйшоў на сяброўскую сустрэчу, вядома, у гэтае стойла не заходзіў і гуртаваўся ля турнікетаў з боку Дома прафсаюзаў, на рагу Савецкай вуліцы. А восьмай гадзіне было прыблізна 700–800 чалавек, якія пасля сяброўскага вітання — плясканьня ў далоні, рушылі па Савецкай вуліцы. Упершыню з 2003 года народ шчыраваў і насалоджваўся пачуццём свабоды, калі ўся цэнтральная вуліца горада напоўнілася салідарнымі людзьмі. Рэха ад пляскання ў далоні адбівалася ад муроў і запаўняла ўсю прастору і забяспечвала моцны псіхалягічны ўздым людзей. Да сяброўскага шпацыру далучаліся ўсё новыя людзі, колькасць якіх сягнула ўжо за тысячу.

Плошча Леніна таксама была ачэпленая турнікетамі, таму пасля Савецкай вуліцы калона рушыла на вуліцу Ажэшкі, дзе размешчаны аблвыканкам. Праходзячы ля адміністрацыі вобласці, людзі гучна асвісталі гэтую змрочную спаруду, у якой, відаць, звінелі шыбы. Не парушаючы правілаў дарожнага руху, калона дайшла да ўваходу ў парк Жылібэра. Машыны, якія праязджалі побач, сігналілі на знак падтрымкі, што віталася радаснымі воклічамі і плясканнем у далоні. На развітаньне ўсе па-сяброўску некалькі разоў выгукнулі: «Малайцы!».

«Вечерний Гродно», «Брестская газета» і ўл.інф.

0
кронан / Адказаць
29.06.2011 / 19:53
У Бярозаўцы прыкладна ў 18:30 пачаўся дождж, які час ад часу то сціхаў, то пераходзіў у навальніцу. На плошчу выйшлі каля 10 чалавек! За імі назіраюць невядомыя на трох аўтамабілях.
0
Олег / Адказаць
29.06.2011 / 19:57
Похоже, что в этот раз там вышло больше, чем в Минске.
0
Андрей / Адказаць
29.06.2011 / 20:04
Полагаю, что было около 1000 человек.
Паказаць усе каментары/ 99 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру