Азіраючыся на мінулы год, разумееш: ён застаўся ў памяці ня проста лісткамі адрыўнога календара. 2006 год падараваў нам зародкі падзеяў, якія будуць разьвівацца, дратаваць нас ці даваць нам надзею налета, а мо й далей. Вынікі году ў Беларусі — незавершаныя, дынамічныя. А яшчэ выявілася, што Беларусь трымаецца на самым вастрыі ляза глябальных праблемаў. Мы дыхаем паветрам, якое ўцягвае ў лёгкія ўвесь сьвет.

Палігон для «Газпрому»

Сёлета Беларусь апынулася на фронце новай вайны, якая распальваецца ў сьвеце абмежаваных рэсурсаў. Крэмль зламаў негалосны мараторый на ўжываньне энэргіі ў якасьці зброі масавага угамаваньня. Распачала год досыць правальная энэргетычная вайна Расеі супраць Украіны, а заканчвае няблага падрыхтаваная газавая апэрацыя супраць Беларусі. Загадзя, каб пазьбегнуць перабояў з пастаўкамі газу на Захад (як гэта было ў выпадку закрыцьця газавага вэнтылю для Ўкраіны), у газасховішчы Нямеччыны і Прыбалтыкі напампавалі паліва. Гэтак, у нямецкім газасховішчы Рэдэн назапасілі амаль 5% аб’ёму гадавой патрэбы Нямеччыны ў газе — хопіць, каб забясьпечваць усю краіну цягам некалькіх тыдняў.

Расея кшталтуе сваё новае вайсковае ўменьне, абраўшы за палігон Беларусь. Тое, што адбываецца зараз з нашай краінай, можа ў будучыні здарыцца і зь іншымі — бо канца росту цэнаў на газ ня бачна. Таму здача суверэнітэту Беларусі будзе паразай ня толькі для Лукашэнкі, але і для Эўропы, як той аншлюс, які прывёў да Другой сусьветнай вайны.

У сучасным сьвеце ня трэба зьнішчаць мільёны жыцьцяў, каб паставіць краіну на калені — ахвярамі робяцца прадпрыемствы, якія паралізуе газавая сутарга, ды старыя, якія замярзаюць у сваіх кватэрах.

Не спужаліся

У 2006 г. Аляксандар Лукашэнка нарэшце згубіў манаполію на палітычнае лідэрства — людзі даведаліся, што ў раіне ёсьць іншыя палітыкі.

Аляксандар Мілінкевіч сьцьвердзіўся як асоба, зь якой давядзецца лічыцца ў доўгатэрміновай пэрспэктыве — падабаецца гэта камусьці ці не.

Акрамя гэтага, правалілася спроба канчаткова запужаць беларусаў. Не далі чаканага эфэкту масавыя пасадкі падчас сакавіцкіх пратэстаў, паказальныя працэсы з доўгімі тэрмінамі ды сыстэматычныя арышты цягам году.

Улады паспрабавалі былі спыніць рухавік грамадзкай актыўнасьці, але ён толькі набраў абаротаў. Ня скажаш, каб грамадзтва было апанаванае страхам. Калі пасьля выбараў-2001 краіна заглыбілася ў дэпрэсію, то зараз паўсюль сустракаеш людзей са значкамі — бел-чырвона-белымі крылцамі Птушкі-Свабоды.

Палітычныя вязьні ня толькі не ламаюцца духоўна, але й робяцца зь цягам часу маральнымі аўтарытэтамі для тых, хто на волі. Севярынец вядзе калёнку для «Нашай Нівы», лісты Дашкевіча друкуюцца на блогах, Статкевіч дае камэнтары ды інтэрвію. Да іх едуць людзі з усёй Беларусі ды ідуць лісты з усяго сьвету. Зьняволеньне юнакоў з «Партнэрства», якія рыхтаваліся назіраць за выбарамі, выявіла цынізм улады, а галадоўка Аляксандра Казуліна — моц духу яе апанэнтаў.

Глямур аўтарытарызму

2006 год паказаў, наколькі нетрывалыя дыктатары, і наколькі трывалыя сыстэмы. Фідэль Кастра зьнік, а сацыялізму на «Востраве Свабоды», здаецца, нічога не пагражае. Садама Хусэйна зьбіраюцца празь месяц павесіць, але ў Іраку й блізка няма спакою. Ніязаў памёр, а ягоны рэжым стаіць, нібы залатая статуя Туркмэнбашы ў Ашгабадзе. Выснова году: сапраўдныя зьмены адбываюцца не ў кіроўных крэслах, а ў людзкіх галовах.

Дыктатары між тым мяняюць амплюа. У модзе эпатажна-глямурны аўтарытарызм: Уга Чавэс робіць сусьветныя турнэ ды пужае пралетарыят д’яблам-Бушам, а Ахмадынеджад эпатуе лібэральны Захад ды прыводзіць у экстаз фундамэнталістаў, адмаўляючы Галакост ды абяцаючы сьцерці Ізраіль з твару Зямлі. Пры гэтым Вэнэсуэла ўплывае на энэргетычную стабільнасьць у амэрыканскім рэгіёне так жа, як Расея ў Эўропе, а Іран, відаць, неўзабаве будзе мець атамную зброю.

Беларускі рэжым у 2006 г. таксама выявіў здольнасьць да эвалюцыі з элемэнтамі ідэалягічнай эквілібрыстыкі. Сёлета пачаў выразна афармляцца рэвэрс усходняй палітыкі. Калі раней афіцыйны Менск выступаў у ролі засьцянковай нявесты, што просіцца замуж за багатага жаніха, то цяпер сам Крэмль амаль гвалтам прымушае паненку быць зь ім разам («Ня згодзішся — будзеш галодная ды халодная») ды патрабуе немалы пасаг пры тым, што пра афіцыйнае афармленьне адносінаў гаворка вядзецца кволенька. Аб’яднаўчая рыторыка ў дзяржаўных мэдыях амаль зьнікла. Апытаньні паказваюць, што беларусы ня хочуць губляць незалежнасьць. Дзяржава выглядае, дзейнічае адпаведна. Змаганьне ідзе ўжо не за Беларусь як такую, а за тое, якой будзе Беларусь. Усьведамленьне гэтага — значны вынік гэтага году.

Гнуткі супраціў

Часопіс «Тайм» назваў асобай году кожнага чалавека, які карыстаецца глябальным Сецівам. На думку журналістаў часопісу сёлета паспалітыя людзі ўзялі на сябе кіраваньне глябальнымі мэдыямі, распачалі стварэньне сусьветнай лічбавай дэмакратыі. Яны працавалі задарма, але лепей за прафэсіяналаў. У 2006 г. Беларусь і тут апынулася на самым грабеньчыку сусьветнай хвалі. Нечакана для саміх сябе мы выявілі здольнасьць удала ды эфэктыўна выкарыстоўваць новыя мэдыі, без аніякай падказкі зьверху. Сакавік растапіў лёд у душах, і на паверхню прабілася магутная творчая плынь. Адзінае, што змагла ёй супрацьпаставіць улада — грубая сіла, АМОН, які хапае без разбору ўдзельнікаў флэш-мобаў. Пратэсты ж не зьнікаюць, а гнутка адаптуюцца, апярэджваючы рэпрэсіўны апарат на крок, а то і на ўсе тры. Сёлета рэжым з трэскам прайграў змаганьне за Інтэрнэт. У віртуальнай прасторы нашым галоўным ворагам засталося ўласнае няўменьне дамаўляцца, недахоп камунікатыўнай культуры. 2006 год паказаў, на жаль, і гэта.

Асоба году-2006 — ня нейкі канкрэтны дзяяч, а Чалавек Плошчы, то бок свабодны і актыўны грамадзянін. Сёлета мы зразумелі, што супольная справа складаецца зь дзеяньня кожнага. Нават калі многія і згубілі веру ў палітыкаў, ува ўсіх нас зьявілася вера ў чалавека, у саміх сябе. Гэта галоўны вынік гэтага году.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?