29.12.2006 / 19:08

Закон выпадковасьці 3

Ніякія папраўкі ў Канстытуцыі не гарантуюць, што аднойчы нейкі орган не адмовіцца служыць свайму гаспадару. Піша Віталь Тарас.

Ніякія папраўкі ў Канстытуцыі не гарантуюць, што аднойчы нейкі орган не адмовіцца служыць свайму гаспадару.

Сонцаварот

Пры канцы году засьпяшаліся на той сьвет дыктатары. Піначэт, Туркмэнбашы… Зразумела, два — гэта яшчэ не тэндэнцыя. Гэта ясна нават герою анэкдота пра чукчу і аленяў.

Але ёсьць яшчэ шэраг цікавых супадзеньняў. Ніязаў памёр 21 сьнежня — адразу пасьля свайго дня нараджэньня, у дзень нараджэньня Сталіна. 20 сьнежня ў Беларусі й Расеі дагэтуль адзначаецца як Дзень чэкіста. 19 сьнежня нарадзіўся Брэжнеў, 100‑годзьдзе якога сёлета шырока адзначалася беларускай і расейскай грамадзкасьцю.

А ўжо 22 сьнежня, як вядома з астраноміі, — самы кароткі дзень у годзе, Сонцаварот, пасьля якога наступае Раство Хрыстова, Каляды.

Можна ўсё гэта назваць гульнёй у пэрліны. Выпадковыя супадзеньні можна знайсьці колькі і ў чым заўгодна. Але парадокс, ці наадварот — закон жыцьця палягае на тым, што выпадковасьці ёсьць часткаю сыстэмы. (Як той казаў — у кожным шаленстве ёсьць свая сыстэма). Кожны чалавек з уласнага досьведу ведае, што ў жыцьці можа тыднямі нічога не адбывацца, а потым наступаюць дні, калі самыя розныя падзеі сыплюцца адна за адной.

Вось прыклад, добра зразумелы журналістам: сёлета 28 лістапада адначасова адбываліся саміт кіраўнікоў дзяржаваў СНД, саміт NАТО і візыт Папы ў Турэччыну. Кожная з гэтых падзеяў паасобку магла стаць цэнтральнай тэмай дня для мэдыяў. І нават саміт у Менску, ад якога нічога не чакалі, завершыўся скандалам. Для большасьці людзей у сьвеце тыя падзеі маглі нічога асаблівага ня значыць (калі не лічыць каталікоў і мусульманаў, для якіх візыт Папы ў Стамбул усё‑ткі ня быў ардынарнай паездкай пантыфіка). Кожным сам для сябе вызначае, якія падзеі лічыць важнымі, а якія — не. Але незалежна ад таго, ці багатая біяграфія ў чалавека, ці яна бедная на падзеі і здарэньні, агульнае для іх тое, што яны не разьмяркоўваюцца раўнамерна.

Нобэлеўскі ляўрэат, хімік і філёзаф Ільля Прыгожын знайшоў гэтаму тлумачэньне. (Дарэчы, вось задачка для роздуму: Прыгожын — валёнскі навуковец або флямандзкі ці бэльгійскі навуковец‑габрэй расейскага паходжаньня?) Вывучаючы тэрмадынаміку адкрытых нераўнаважных сыстэмаў (да якіх належаць большасьць сыстэмаў у сьвеце — ад газаў, якія пры награваньні пашыраюцца, да біялягічных папуляцыяў і грамадзтваў), навуковец прыйшоў ды высновы, што ўсе гэтыя сыстэмы нестабільныя. Бо заўсёды прысутнічаюць флюктуацыі — выпадковыя адхіленьні ад сярэдняга значэньня фізычных велічыняў. І яны будуць заўсёды. Нават калі тэмпэратура сусьвету ўпадзе да абсалютнага нуля, знойдзецца пара‑тройка звар’яцелых часьцінак (атамаў альбо электронаў), якія будуць рухацца хаатычна, то бок непрадказальна. І менавіта ў хаосе, паводле тэорыі Прыгожына, любая сыстэма становіцца пасьлядоўнай і стабільнай. Прычым, як у мікрасьвеце, на ўзроўні малекулаў, гэтак і ў сьвеце галяктык. З гледзішча гэтай тэорыі сьмерць дыктатара — усяго толькі дробная флюктуацыя ў маштабах сусьвету.

І пажыцьцёвыя паміраюць

Зразумела, гэтага не патлумачыш дыктатарам, якія жыцьцё бачаць як пасьлядоўнае нанізваньне перамог над ворагамі на стрыжань уласных інтарэсаў. Той жа Туркменбашы быў некалі нікому не вядомым бязбацькавічам. Стаў уладаром Туркмэністану, чалавекам‑сонцам, помнікі якому з чыстага золата паставілі пры жыцьці. Іншая справа, ці надоўга застануцца гэтыя помнікі? Ці не пераплавяць іх для розных патрэбаў? Ці застанецца імя Ніязава ў гісторыі гадоў на дзесяць? А калі застанецца, дык што будуць распавядаць пра яго падручнікі? Магчыма, па‑ранейшаму будуць славіць яго імя, раўнаючы з Богам. Магчыма — будуць ганіць. Магчыма, не ўспомняць ані словам. Ніхто гэтага зараз дакладна прадказаць ня возьмецца. І ў гэтым — таксама спадчына ўсходняга дэспата, які замкнуў усе мэханізмы дзяржаўнага, і нават у многім прыватнага жыцьця сваіх падданых на сабе.

Праўда, самога Ніязава гэта ўжо ня тычыцца. Цяпер гэта не ягоная, так бы мовіць, праблема. Ён пражыў сваё жыцьцё так, як яму хацелася, наеўшыся салодкай улады поўнай лыжкай. Раскоша і занадта тлустая ежа спарадзілі павышаны ўзровень халестырыну ў крыві і сардэчную недастатковасьць. Жыў як Бог. Памёр як звычайны чалавек, як мільёны людзей да яго і пасьля яго. І гэта — галоўная непрыемнасьць, якая бянтэжыць дыктатараў усіх часоў і народаў.

Яны стараюцца аб гэтым ня думаць. Кіраўнік Беларусі, які першым выказаў спачуваньне туркмэнскаму народу ў сувязі са сьмерцю Ніязава, не паехаў на ягонае пахаваньне. Відаць, невясёлыя думкі наводзяць хаўтуры «пажыцьцёвага прэзыдэнта», які пражыў на сваёй «вечнай» пасадзе ўсяго сем гадоў. А яшчэ больш непрыемным падалося, што пахаваньне пакажуць усяму сьвету, і твайму народу таксама. А раптам ён убачыць і зразумее, што ніякая ўлада не бывае бязьмежнай і бясконцай, нават калі ты «ўсенароднаабраны», і ў цябе ўсё пад кантролем? Ніякія папраўкі ў Канстытуцыі не гарантуюць, што аднойчы нейкі жыцьцёва важны орган — ныркі, вантробы, сэрца альбо мозг — не адмовяцца служыць свайму гаспадару, першай асобе ў дзяржаве, наколькі б таленавітай гэтая асоба ні была. Сама думка аб непазьбежнасці сьмерці падаецца гэтай асобе кашчуннай, здрадніцкай, няправільнай у сваёй аснове.

Дарэчы, гэта праблема зусім ня толькі «першых асобаў». Сярод маіх знаёмых сталых гадоў ёсьць вельмі адукаваныя і разумныя людзі, якія болей за ўсё на сьвеце баяцца размоваў пра сьмерць. Дакладней — пра сваю ўласную сьмерць, якая, у адрозьненьне ад сьмерці дыктатараў, экс‑прэзыдэнтаў ці нават калегаў і сваякоў, выклікае пачуцьцё першабытнага жаху. Гэта спараджэньне таго самага атэізму, які з наваяўленай падвойнай страсьцю прапагандуе цяпер акадэмік Рубінаў ды іншыя дзяржаўныя ідэолягі. Атэізм як нявер’е ў чалавека і свабоду волі.

Старыя савецкія акадэмікі, як і іхні маладзейшы патрон, ня могуць не адчуваць, што чалавечы дух, маральныя каштоўнасьці ня так проста падпарадкаваць ідэалёгіі, і тым больш — начальству, якое спавядае толькі адзін прынцып: «Я — начальнік, ты — дурань». Яны, у тым ліку начальнікі сярэдняй рукі, адчуваюць, што пытаньні сьмерці вырашаюцца не ў высокіх кабінэтах, а недзе ў іншым месцы, недзе вышэй. Толькі яны баяцца ў гэтым прызнацца. Таму нават царква, таксама моцна сапсаваная дзесяцігодзьдзямі набліжанасьці й залежнасьці ад улады сьвецкай рознымі прывілеямі, імкнецца бліжэй стаць да людзей, чым улада адміністрацыйная. І таму яна ўспрымае царкву як канкурэнта.

Ці выпадкова сустрэча найвысокага кіраўніцтва з Сынодам Праваслаўнае царквы ў Беларусі і «ўшчуваньне» Філарэта адбылася наступным днём пасьля сьмерці Туркмэнбашы? Мабыць, гэтая сустрэча была даўно заплянаваная? Але, як мы памятаем, выпадковасьць — усяго толькі праява заканамернасьці.

У чым соль?

Зразумела, сьмерць дыктатара можа служыць слабым суцяшэньнем для сваякоў рэпрэсаваных і ўсіх пакрыўджаных уладаю.

Сама па сабе сьмерць ня ёсьць пакараньнем ці актам адплаты. Пры нармальнай хадзе гісторыі дыктатары сыходзяць самі, і помста прыходзіць да іх не зь нябёсаў, але ад жывых людзей, шляхам правасудзьдзя. Так здарылася зь Піначэтам, так здарылася сёлета раней з Мілошавічам. Так можа здарыцца хутка з Хусэйнам.

Тут гаворка не аб тым, наколькі справядлівым быў суд над іракскім дыктарам і ці можа быць маральнае апраўданьне сьмяротнаму пакараньню ў цывілізаваным сьвеце. Гэта, зноў жа, праблема, якая павінна найбольш хваляваць саміх дыктатараў і іхных сваякоў.

Для людзей, якія жылі альбо працягваюць жыць пры дыктатуры, значна важней, што будзе далей зь імі самімі, з грамадзтвам у цэлым.

Расейскі прыдворны блазан Жырыноўскі, захлынаючыся сьлінай, крычаў з экранаў тэлебачаньня, што Туркмэнбашы быў ідэальным ўладаром для Сярэдняй Азіі, што іншы туркмэнскаму народу і не патрэбны. «Туркмэнскаму» — чытай беларускаму, расейскаму, любому іншаму...

Але нават калі пагадзіцца з жырыноўскімі, быццам усялякага роду «башы» несьлі й нясуць свайму народу адно толькі дабро, што яны па‑бацькоўску клапоцяцца аб ім, неразумным, дык і тады застанецца адно надзвычай важнае пытаньне. А што далей? Вось пабудаваў Ніязаў ідэальную дэспатычную дзяржаву, горад Сонца на чале з сабой любімым. І што? Чаму сёньня трасе многіх начальнікаў ня толькі ў Ашгабадзе, але ў Маскве і нават Кіеве? І чаму дзе‑небудзь на Лёнданскай ці Такійскай таварна‑сыравіннай біржах ня ўсе адчуваюць сябе спакойна?

Ды таму, што так званая «стабільнасьць» і «ўсеагульнае працьвітаньне», пра які ўвесь час цьвердзяць дзяржаўныя ідэолягі постсавецкіх дыктатураў, усяго толькі адваротны бок нестабільнасьці і няпэўнасьці, якія нясуць народам аўтарытарныя рэжымы.

Вось чаму так нэрвуецца расейская палітычная (дый ня толькі палітычная) эліта з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Ва ўмовах амаль поўнай адсутнасьці дэмакратыі, прыкрытай, як фігавым лістком, дэкарацыямі Думы і Грамадзкай палаты, асоба, у руках якой засяроджаная гіганцкая і практычна бескантрольная ўлада, становіцца вырашальным фактарам для ўсіх падначаленых, для ўсяе палітычнае канструкцыі.

Справа ня ў тым, што ўсе дыктатары ўсіх краінаў, якія прыгожыя словы яны б ні казалі, пры першай магчымасьці набіваюць кішэні грашыма і адкрываюць рахункі ў швайцарскіх банках ці ў філіялах на Кайманавых выспах. Усе людзі, асабліва калі яны выбіваюцца зь нізоў, паводзяць сябе ва ўладзе прыкладна аднолькава. Справа ня ў тым, што яны затыкаюць рот усім сваім крытыкам. Урэшце, бескантрольная ўлада ні з кім ня будзе цырымоніцца. З чаго б?

Справа ў тым, што дыктатура адбірае ў людзей будучыню і права самім вырашаць свой лёс. І калі сыходзіць дыктатар, для іх рушыцца сьвет. Яны рэальна ня ведаюць, што рабіць, паводле якіх правілаў іх цяпер прымусяць гуляць, якому богу служыць. Таму яны адразу, загадзя гатовыя аддаць права вырашаць за іх — а значыць, сваю свабоду, іншым. Самы яскравы прыклад апошніх дзесяцігодзьдзяў — тое, што адбылося пасьля распаду СССР.

Толькі народы краінаў Балтыі змаглі рэальна скарыстацца шанцам, які дала ім гісторыя ў 1991‑ым. Астатнія народы СССР палічылі за лепшае заставацца там, дзе яны былі на момант сьмерці Брэжнева. І з настальгічным надрывам успамінаць пра танную каўбасу. Нездарма адзін палітоляг назваў 100‑годзьдзе з дня нараджэньня генсека 100‑годзьзем бутэрброда з каўбасой.

Усе правы і свабоды мы самі зь лёгкасьцю і без шкадаваньня саступілі ў абмен на стабільныя пэнсіі і зарплаты. А дзе‑нідзе — на бясплатныя газ і соль.

Магчыма, неабходнасьць плаціць за газ сапраўдную цану ў новым годзе дапаможа многім людзям у Беларусі ўпершыню задумацца і аб цане дыктатуры, і аб цане сваёй маўклівай зь ёй згоды.

У Беларусі, як і ў Расеі, трэба жыць доўга…

Віталь Тарас

0
OBSERVER / Адказаць
30.12.2006 / 02:10
>>І з настальгічным надрывам успамінаць пра танную каўбасу.<< Ды ніхто пра яе, няшчасную кілбасу часоў Брэжнева ,не ўспамінае. Навошта муляць і эксплуатаваць надуманы газэтчыкамі міт? Столькі кілбасаў і вяндліны ,як цяпер, не было ніколі раней. Хто ня ведае няхай наведае Камароўку. Нават зьдзіўляе адкуль яно бярэцца ? Іншая рэч, што большасьць насельніцтва жыве беднавата. Але затое за кароткі час паявіліся надта заможныя багацеі выхадцы з калхозьнікаў - уладальнікі вілаў і нечуванай раней нерухомасьці у Менску і прадмесьцях, гандляры і нябезкрыміналу бізнэсоўцы-мільянеры. Тое, што хаваючыся раскрадалі калісьці камунякі, выглядае сёньня проста сьмешным па памерах у параўнаньні з майном новых гаспадароў жыцьця. А што нас чакае далей з гэтымі багатымі жлабамі, ворагамі нацыянальнай свабоды і культуры? Ажыцьцявілася мара і філасофія часткі падбальшавіцкага насельніцтва: калі хочаш жыць у шчасьці, трэба красьці, красьці, красьці... Сітуацыя нейкімі рысамі нагадвае гаспадарча-палітычны уклад бізнэс-эліты Нямеччыны пры Адольфе.
0
Чытач to OBSERVER / Адказаць
30.12.2006 / 12:14
Вам жа сказалi, часоў "таннай калбасы", а не разнастайнай. Успамiнаюць, i яшчэ як.
0
Ясінскі / Адказаць
31.12.2006 / 20:52
Вельмі сумны часы для гэных хомаў (сапіенс да дыктатараў неяк не пасуе). Як казаў Сам Сапамурат Ніязаў - памру, ўсе зруйнуюць. Але у нас іншая праблема - дурная імперыя на ўсходзе.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру