Генерал пагражае падаць у суд на газету.

Старшыня пісьменніцкай арганізацыі пакрыўджаны артыкулам «Чаргінец хоча перапісаць школьныя падручнікі літаратуры». Па тэлефоне ён сказаў, што размаўляць будзе толькі ў судзе.

30 чэрвеня на сайце праўладнага Саюза пісьменнікаў з’явіўся тэкст «На хвалі паклёпу» з адказам на публікацыю ў «НН».

«Як толькі быў утвораны Саюз пісьменнікаў Беларусі, русафобы ды іншыя радыкальныя культураасветнікі, супрацоўнікі розных замежных радыёхваляў пачалі шальмаванне ідэі і праграм створанага саюза, асабліва накінуліся на старшыню М.Чаргінца, грэбліва так заўсёды называючы «гэнерал», «сенатар», «пагромшчык беларускай літаратуры».

«Газета «Наша ніва» дагаварылася: «Чаргінец хоча перапісаць школьныя падручнікі літаратуры…»

Выпейце валяр’янкі, «клёвуны»!

[Тут і далей захаваная стылістыка і арфаграфія арыгінала — на сайце Саюза пісьменнікаў пішуць: «менЬш», «Святлана АлексЯевіч», «шЭльмаваць»... Дарэчы, сайт Саюза «пісьменнікаў Беларусі» не мае беларускамоўнай версіі. Як той казаў, без каментароў.]

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі ні ў рамках закона, ні ў сваім становішчы не мае аніякіх правоў і ўласных намераў перапісваць тыя самыя падручнікі».

Але аўтар заўважае, што «нельга ж заставацца на ўзроўні даволі прымітыўных, на сённяшні пагляд, абразкоў З.Бядулі на цэлыя стагоддзі». «Прыйшлі новыя пакаленні,

новыя творцы: Р.Баравікова, М.Башлакоў, З.Марозаў, В.Шніп, М.Мятліцкі, Г.Пашкоў, А.Пісьмянкоў.

Чаму іх творчасць павінна заставацца ў тэндэнцыі замоўчвання, а з класа ў клас дзеці павінны вывучаць толькі Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна, супраць творчасці якіх мы ніколі не выступалі.

Што тычыцца журналісткі С.Алексяевіч, дык яна ніколі не мела адносін да беларускай літаратуры.

Гэта рускамоўны журналіст, і з яе творчасцю павінны знаёміцца па праграме рускамоўныя пісьменнікі Беларусі».

«Наш Саюз таксама зацікаўлены, каб беларускія дзеці ведалі і творчасць рускамоўных празаікаў Беларусі, такіх, як М.Чаргінец, А.Сульянаў, С.Трахімёнак, А.Сакалоў, а таксама таленавітых паэтаў В.Паліканінай, А.Скарынкіна, Т.Гусачэнкі, Р.Сакалоўскага, Т.Лейкі».

«Таленавітае беларускае слова ніколі не загіне. І не шукайце ворагаў там, дзе іх няма», — падсумаваў аўтар тэксту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?