03.07.2011 / 13:16

Паслы ЕС і ЗША не прысутнічаюць на святочным парадзе ў Мінску

На прэс-канферэнцыі 29 чэрвеня ў Мінску некаторыя еўрапейскія дыпламаты паведамілі: яны атрымалі запрашэнні на ўрачыстасці з нагоды Дня Незалежнасці менш чым за тыдзень да мерапрыемстваў, што робіць немагчымым іх удзел з-за ўжо распланаванага графіка.

Каментуючы гэтую заяву, прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных на брыфінгу 30 чэрвеня паведаміў: запрашэння на ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды Дня Незалежнасці былі накіраваны ўсім прадстаўнікам дыпкорпуса. Тэрміны высылання запрашэнняў значэння не маюць, дадаў Савіных.

У прэс-службе пасольства ЗША БелаПАН паведамілі: часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан прысутнічаў 2 ліпеня на цырымоніі ўскладання кветак да помніка Перамогі ў Мінску. У іншых мерапрыемствах ён удзелу не прымае.

Нагадаем, паслы краін ЕС і ЗША не прысутнічалі таксама на цырымоніі святкавання Дня Перамогі ў Мінску 9 мая, куды іх афіцыйна не запрасілі. Ускласці кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі яны змаглі толькі на наступны дзень, 10 мая.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру