Акцыя маўклівага пратэсту на Прывакзальнай плошчы Мінска вечарам 3 ліпеня завяршылася, многія яе ўдзельнікі затрыманыя, астатнія рассеяныя на сумежных вуліцах.

Да 19.00 на плошчы пачалі збірацца карыстальнікі сацыяльных сетак і тыя, хто адгукнуўся на іх заклік. Выхады з падземнага пераходу з боку чыгуначнага вакзала на Прывакзальную плошчу былі перакрытыя міліцыяй. Вакол назіралася шмат супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным. Людзей на плошчу не выпускалі.

На прыступках каля будынка вакзала жанчына сярэдніх гадоў абуралася: «Мне трэба прайсці да замежнай дэлегацыі — не прапускаюць. Чаму? У што вы ператварылі Беларусь? Дваццаць першае стагоддзя! Сілавікі адны ва ўладзе — сорамна!»

Іншая падтаквала ёй: «Пазорнікі! Яны хочуць, каб я хадзіла чорнымі вугламі, а не там, дзе хачу, дзе мне зручна. Да чаго мы дакаціліся!»

«Дзікасць творыцца, — пераконвала навакольных бабуля. — Так нельга — не даваць народу выказваць сваё меркаванне. Гэта што за пастаноўка справы такая ў дзяржаве ў цэнтры Еўропы?»

Да 19.20 насупраць будынка вакзала сабралася некалькі соцень чалавек. На плошчы і сумежных вуліцах адбыліся масавыя затрыманні, людзей імкліва заштурхоўвалі ў аўтазакі і звозілі. Некаторыя спрабавалі супраціўляцца, клаліся на зямлю, і тады іх цягнулі за рукі і за ногі. Прахожыя абураліся дзеяннямі міліцыі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманыя некалькі дзясяткаў удзельнікаў акцыі, сярод іх ёсць журналісты і праваабаронцы. Фотакарэспандэнтцы БелаПАН Ксеніі Авімавай разбілі дарагі аб’ектыў.

Прыкладна ў 20.45 акцыя пратэсту на Прывакзальнай плошчы завяршылася. Адсюль сышлі супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Ігар Яўсееў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?