Сёньня быў павешаны Садам Хусэйн.

У пачатку лістапада суд прызнаў Садама вінаватым ў забойстве 148 шыітаў і прысудзіў да сьмяротнага пакараньня за злачынства супраць чалавечнасьці. 26 сьнежня Апэляцыйны суд падтрымаў прысуд і загадаў выканаць яго цягам месяца. У лістах з-пад шыбеніцы Хусэйн падае сябе як мучаніка і чалавека, які ўсё жыцьцё кіраваўся інтарэсамі Іраку. Між тым пры жыцьці па ягоным загадзе жывым людзям адрывалі органы цела, а дзяцей труцілі газам.

Садам Хусэйн быў адным з найбольшых самадураў сучаснага сьвету. У часе свайго панаваньня Садам пачаў крывавыя войны з Іранам і Кувэйтам, перасьледаваў шыітаў і курдаў унутры краіны.

Піначэт, Мілошавіч, Ніязаў памерлі ў няславе, але сваёй сьмерцю, Хусэйн жа, арыштаваны амэрыканскімі акупацыйнымі сіламі, стаў перад судом і атрымаў сьмяротны прысуд усяго за невялікую частку сваіх дзеяньняў.

Праціўнікі сьмяротнага пакараньня пратэствалі, да іх далучыліся Эўразьвяз і Папа, але ірацкія ўлады павесілі Садама, як толькі той вычарпаў законныя магчымасьці аспрэчваць прысуд.

Ён думаў, што законы назаўжды піша ён. І забыўся пра закон чалавечнасьці. Ягоныя былыя ахвяры не зьлітаваліся над ім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?