За час газавай гістэрыі мы пачулі крайне цікавыя рэчы. Спачатку мы даведаліся, што пры ўмовах, якія прапануе Расея (105 даляраў за тысячу кубамэтраў) беларускую эканоміку чакае каляпс. Вось табе і беларуская мадэль. Літва і Польшча купляюць за 230, Украіна зь яе мэталюргічнымі заводамі за 130. А ў нас пры 105-ці -- усяму капут.

"Пакуль ідзе шантаж. Але ж калі яны й далей будуць шантажаваць, то мы ў зямлянкі пойдзем, а на шантаж не паддамося", -- сказаў кіраўнік Беларусі.

“Ад Беларусі да Германіі тысячы кілямэтраў”, пачулі мы; “Эўропа ня вытрымала канкурэнцыі нашых тавараў”, пачулі мы; а яшчэ мы пачулі скаргі, што зь беларускімі міністрамі ў Маскве размаўляюць як з халопамі. А яны ж і ёсьць халопы. Сыстэма такая выбудаваная, калі адзін начальнік, а ўсе астатнія — халопы. На што ж наракаем тады? “Я гатовы ў Маскву на каленях паўзьці”, -- сказана было калісьці. Даўшы слова – дзяржыся, кажа расейская прымаўка...

З часу папярэдняга адключэньня газу прайшло два гады. Што зроблена? Спажываньне газу вырасла. Спажываньне нафты вырасла. Доля Расеі ў энэргабалянсе вырасла. Ніводнага альтэрнатыўнага шляху энэргапаставак не збудавана. Больш за тое, Беларусь маніякальна псавала адносіны з усімі краінамі, празь якія тыя шляхі маглі б пралегчы. За танны газ Беларусь даплачвала незалежнасьцю.

“Нягледзячы на ціск звонку, Беларусь выстаіць”, -- сказана нам. Вось гэта праўда. Незалежнасьць Беларусі прайшла пункт невяртаньня ў 1999-м.

Літоўская эканоміка вытрымлівае павышэньне цэнаў да 230-ці, а ўкраінская – да 130-ці. Ніякіх зямлянак на гары Гедыміна ня рыюць і ў саюзы з Расеяй ня лезуць. Значыць, і 105 для беларускай ня створыць пагрозы незалежнасьці. Нагнятаньне страсьцей патрэбнае для аднаго – таго, хто прыпіша сабе заслугу ўратаваньня беларускай маёмасьці і беларускай эканомікі. Таго, хто нам пэнсіі плаціць. Таго, хто газам забясьпечыў. Гаранта незалежнасьці. Таго, дзякуючы каму мы засталіся жыць у панэльным доме. Хто ня даў краіне вярнуцца ў зямлянкі.

А на цану газу патрыятычная гаварыльня ніяк не паўплывае. З цаною ўсё вырашана, дэлегацыя ўжо ў Маскве. Адзін з халопаў падпіша, пасьля яго ж пры патрэбе зробяць крайнім.

У 2004-м краіна згуртавалася вакол прэзыдэнта ў першым газавым канфлікце. Прэзыдэнт улічыў сваю незаменнасьць для захаваньня сувэрэнітэту і правёў рэфэрэндум аб неабмежаваным тэрміне кіраваньня. Цяпер набліжаюцца часы эканамічных цяжкасьцяў. Дык падтрымайма прэзыдэнта ў ягоным змаганьні за незалежнасьць яшчэ раз.

30 сьнежня

P.S. 29 сьнежня. "У зямлянкі пойдзем, а на шантаж не паддамося!". 1 студзеня. "Прэс-сакратар "Газпрому": "Газпром" абсалютна задаволены вынікамі перамоваў". Камэнтары, як гаворыцца, лішнія.

1 студзеня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?