Старонка, якая была заблакавана 2 ліпеня, пачала адкрывацца ўчора вечарам, пасля разгону акцыі маўклівага пратэсту на Прывакзальнай плошчы ў Мінску.

Як паведаміў адзін з ініцыятараў групы «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Вячаслаў Дзіянаў, афіцыйных каментараў ад адміністрацыі «ВКонтакте» наконт гэтага пакуль не было. «На жаль, нам не аднавілі пакуль удзельнікаў, а іх было больш за 216 тысяч. Але думаю, што адновяць», — сказаў Дзіянаў.

Каментаваць вынікі акцыі 3 ліпеня ён не стаў, адзначыўшы, што афіцыйны каментар плануецца распаўсюдзіць сёння вечарам.

Група «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» з’яўляецца ініцыятарам грамадзянскай кампаніі маўклівага пратэсту ў Беларусі. Яе сутнасць у тым, што людзі рэгулярна збіраюцца ў цэнтры сваіх гарадоў. Не скандуючы лозунгаў і заклікаў, яны проста размаўляюць паміж сабой і час ад часу апладзіруюць, выказваючы такім чынам сваю нязгоду з палітыкай кіраўніцтва краіны.

2 ліпеня, напярэдадні чарговай акцыі пратэсту ў Дзень Незалежнасці, старонка групы «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» была заблакаваная. Некаторыя карыстальнікі наогул не маглі знайсці старонку, іншыя, адкрыўшы яе, бачылі аб’яву: «Група часова заблакаваная і правяраецца адміністратарамі, бо некаторыя карыстальнікі лічаць, што яна не адпавядае правілам сайта». Даступнай для карыстальнікаў застаецца толькі старонка абмеркавання групы.

Актывісты групы перакананыя ў тым, што гэта праца беларускіх спецслужбаў. Група «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» накіравала ў Генпракуратуру, ФСБ і іншыя дзяржорганы Расіі зварот з просьбай праверыць факты націску беларускіх улад на адміністрацыю сеткі «ВКонтакте» — аднаго з рэсурсаў рускамоўнага інтэрнэт-сегмента, які мае вялікую колькасць наведвальнікаў.

Асноўныя падзеі ў межах пятай па ліку акцыі маўклівага пратэсту, якая прайшла 3 ліпеня ў Мінску і іншых гарадах Беларусі, разгарнуліся на Прывакзальнай плошчы сталіцы. Яе ўдзельнікі былі жорстка разагнаныя міліцыяй. Паводле апошніх даных праваабаронцаў, учора ў Беларусі было затрымана не менш як 390 чалавек: 210 чалавек — у Мінску, прыкладна 180 — у рэгіёнах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?