«Заря» апублікавала меркаванні жыхароў Брэста, якія апынуліся надзіва абазнанымі ў справах «маўклівых акцый»

«У апошні час асобныя інтэрнэт-карыстальнікі, папярэдне дамовіўшыся праз сацыяльныя сеткі, збіраюцца па серадах на асноўных плошчах і вуліцах гарадоў Беларусі, у тым ліку і Брэстчыны» — піша брэсцкая абласная газета «Заря». — «Яны моўчкі стаяць або праходжваюцца, апладзіруюць і праз некаторы час разыходзяцца. Некаторыя СМІ ўжо паспелі ахрысціць падобныя сходы нават “рэвалюцыяй праз сацыяльныя сеткі”. А што думаюць пра гэтыя акцыі шараговыя берасцейцы?». Каб даведацца гэта, карэспандэнты «Зари» паспяшаліся звярнуцца да гараджанаў з такім пытаннем. Мяркуючы па адказах, гараджане апынуліся няпростымі людзьмі.

Анастасія:

— Дамагацца чаго-небудзь метадам «глыбакадумнага маўчання» бесперспектыўна. Прэзідэнт ведае аб гэтых акцыях. Існуе меркаванне, і я яго падзяляю, што інтэрнэт-арганізатары сходаў і тыя, хто стаіць за імі, спрабуюць на плошчах і вуліцах нашых гарадоў, у тым ліку і Брэста, сабраць нейкую крытычную масу людзей, каб затым з дапамогай добра вядомых тэхналогій кіравання натоўпам маніпуляваць тымі, хто сабраўся і выкарыстоўваць іх у сваіх мэтах. Таму тыя, хто лічыць сябе ўдзельнікам так званай рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі, на самай справе ўсяго толькі марыянеткі.

Наталля Міхайлаўна:

— Думаю, што маладыя гады трэба прысвячаць не падобнага баўлення часу, збіраючыся і апладзіруючы незразумела чаму, а спасцігаць асновы будучай прафесіі, акумуляваць веды і вопыт, якія пасля і стануць асновай дабрабыту і паспяховасці. Усе гэтыя «маўклівыя» акцыі толькі нервуюць сацыяльны асяродак і перашкаджаюць выхаду краіны з складанай эканамічнай сітуацыі. Прыцягненне, у прыватнасці, моладзі, да такіх мерапрыемстваў адцягвае іх ад асноўнай дзейнасці — вучобы ці працы. Наіўна думаць, што, калі сабрацца ў людным месцы, памаўчаць і папляскаць у ладкі, то праблемы знікнуць самі сабой. Аб'ядноўвацца трэба для прадуктыўнай работы па стабілізацыі становішча ў нашай рэспубліцы, і лепшы выхад з становішча — гэта калі кожны займаецца сваёй справай на карысць краіны.

Святаслаў:

— Некаторыя лічаць, што такім чынам выказваюць незадаволенасць існуючым становішчам рэчаў. А самі яны што зрабілі, каб палепшыць жыццё ў краіне? З іншага боку, аднастайныя дзеянні, што паўтараюцца кожны тыдзень, проста асуджаныя на згасанне. Таму не варта звяртаць на іх столькі ўвагі. Моладзь, якая ў асноўным і ўдзельнічае ў падобных мерапрыемствах, думае, што такім спосабам можна нешта даказаць. На самай справе маладыя людзі, у якіх яшчэ не сфарміраваліся цвёрдыя жыццёвыя прынцыпы, у большасці сваёй проста больш за іншых паддаюцца ўнушэнню і выказваюць думкі і меркаванні іншых людзей, якія стаяць за ўсімі гэтымі «рэвалюцыямі праз Інтэрнэт» і пераследуюць свае карыслівыя мэты. Яшчэ мне распавядалі, што сярод удзельнікаў «маўклівых» акцый шмат тых, хто ўхіляецца ад службы ў войску. Мабыць, яны такім няхітрым спосабам хочуць праявіць свой патрыятычны запал і любоў да краіны ў надзеі, што потым гэта ім залічыцца.

Дзмітрый:

— Я не бачу сэнсу ва ўсіх гэтых так званых маўклівых пратэстах — гэта толькі марнаванне часу, бо грамадзяне рэспублікі зрабілі свой усвядомлены выбар 19 снежня. І хоць арганізатары гэтых акцый у сацыяльных сетках пазіцыянуюць іх як выключна мірныя і несупрацьзаконныя мерапрыемствы, але пры скапленні народу могуць заўсёды знайсціся правакатары і падбухторшчыкі, якія ў стане ператварыць тых, хто сабраўся нібыта з добрымі мэтамі ў не кіраваны і небяспечны натоўп. У гэтым выпадку могуць пацярпець як самі ўдзельнікі акцый, так і ні ў чым не вінаватыя людзі, якія выпадкова будуць знаходзіцца побач. Іншымі словамі, такія мерапрыемствы нясуць патэнцыйную пагрозу грамадскаму парадку. Да таго ж, я думаю, што арганізатары гэтых дзеянняў, маскіруючыся за добрапрыстойнымі матывамі, на самай справе пераследуюць зусім іншыя мэты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?