Адміністратары суполкі «вконтакте» «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» змясцілі на сваёй старонцы адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі.

Яны кажуць, што няма ніякіх нават фармальных прычынаў да ўжыцця гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, якія штосераду выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў.

«Хто гэтыя бандыты? Хто аддае ім загады? Чаму імі камандуюць службовыя асобы Мінскага гарадскога ўпраўлення ўнутраных спраў? Чаму бяздзейнічаюць пракуратура і міліцыя?» — задаюць яны пытанне пра людзей у цывільным, якія хапаюць удзельнікаў мерапрыемстваў. Аўтары звароту кажуць, калі Лукашэнка пакрывае гэтых людзей, то бярэ і на сябе адказнасць.

«Калі вы думаеце, што такім чынам вы зможаце запалохаць ўвесь народ, то вы памыляецеся. Бандытаў не баяцца. Бандыты баяцца — баяцца адказнасці, баяцца будучыні непазбежнага суда», — пішуць ініцыятары.

«Але хоць бы пабойцеся Бога! Не аддавайце злачынных загадаў! Гэта не спыніць мірных акцый пратэсту. Мы змагаемся не за кавалак каўбасы і дадатак у 20 даляраў, а за свабоду. Мы не будзем спыняцца, акцыі будуць праводзіцца пры любых умовах. Вы спрабуеце рэпрэсаваць аднаго — на яго месца прыходзіць трое», — напісана ў звароце.

У іншай суполцы ў Фэйсбуку з’явілася прапанова да негвалтоўнага супраціву, а менавіта да байкоту.

Яны заклікаюць байкатаваць дзяржаўныя банкі, дзяржаўнае радыё, газеты, латарэйны бізнес і кампанію «Трайпл».
Яны прапануюць зняць зберажэнні з рахункаў у дзяржаўных банках, адключыць радыёкропку, пераадрасаваць падпіску на дзяржаўныя выданні на адрас саміх рэдакцый, не купляць латарэйныя білеты і прадукцыю «Трайпл», — пішацца ў звароце.

«Тактыка байкоту ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы прывяла да таго, што пратэстоўцы дасягнулі сваіх мэтаў, а прыўладны бізнэс панёс велізарныя страты», — кажуць ініцыятары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?