Амаль што пад бой крамлёўскіх курантаў падпісалі газавы кантракт беларускія перамоўнікі. 31 сьнежня на Маскву кінулі самога прэм’ера Сідорскага. Ён змрочна прызнаў перад тэлекамэрамі, што давялося пайсьці на цяжкія, нявыгадныя ўмовы.

Сто даляраў – непадымальны кошт, бяз хітрыкаў заявіў Сідорскі. Ён ужо зараз кажа, што мо' давядзецца прасіць адтэрміноўкі разьлікаў.

Дадамо: гэта толькі пачатак. Да 2011 году кошты паэтапна давядуць да эўрапейскіх.

Акрамя таго, “Газпром” расьцягнуў на чатыры гады аплату акцыяў “Белтрансгазу” (Менск хацеў "грошы на бочку" цягам году).

Галоўнае ж – такім чынам пачынаецца працэс продажу "фамільнага срэбра". Гэта кепскі сымптом, бо ўлада трымалася за яго жалезнай хваткай.

Тым часам вісіць у паветры пытаньне аб мытах на расейскую нафту, што таксама пагражае вялікай дзіркай у бюджэце.

Дзіва што і афіцыйны кіраўнік краіны падчас сьвяточнага віншаваньня выглядаў зусім не сьвяточна. Казаў, што ціснуць і адтуль, і адсюль. Ведама ж, зайздросьцяць нашым посьпехам.

Карацей, трыўмф беларускай мадэлі вылазіць бокам...

Так, можна накідаць багата камянёў у гарод кіроўных вярхоў (дагуляліся ў інтэграцыю, прасадзілі энэргетычную рэнту на падтрымку старой эканамічнай мадэлі, замест таго каб мадэрнізаваць, і г.д.).

Але сёрбаць кашу давядзецца ўсім. І найперш адчуе на сабе суворыя рэаліі менавіта паспаліты люд.

Таму і змрочнае начальства. Яно разумее, што дасюль маса натхнялася зусім не ідэалягічнымі пастулятамі акадэміка Рубінава. Масу задавальняў паступовы рост дабрабыту. Народ паверыў, што гэта надоўга. І цяпер, калі тэндэнцыя пэўна зьменіцца, крыза завышаных чаканьняў можа хутка пахіснуць электаральны падмурак.

Славутая стабільнасьць даўно ператварылася ў міт. Насамрэч – суцэльны экстрым. Улетку – бітвы за ўраджай. Узімку – бітвы за газ. Падчас выбараў – татальныя зачысткі апазыцыі з ланцугамі АМОНу і калёнамі аўтазакаў.

Сёньня мы чуем, што на сінявокую апалчыўся амаль што ўвесь белы сьвет.

Будзем весьці бітвы па ўсіх азімутах?

Але ж адкуль узялося столькі ворагаў ў невялікай краіны з рахманым народам?

Чаму суседзі п’юць шампанскае, не баючыся газавай вайны?

Чаму Румынія ды Баўгарыя, у якіх стартавыя ўмовы пасьля камунізму былі горшыя, чым як у Беларусі, сьвяткуюць сёньня ўваходжаньне ў Эўразьвяз, а нас там "ніхто не чакае"?

Хто вінаваты і што рабіць?

Ацьверазіўшыся пасьля навагодняга сьвята, паспаліты люд пачне, бадай, сур’ёзна задумвацца над гэтымі пытаньнямі.

Таму і пахмурнае начальства. Таму і сказаў афіцыйны кіраўнік з экрана, што беларусаў чакае шлях, які ня будзе ўсыпаны ружамі...

На думку палітоляга Валера Карбалевіча, Лукашэнка зь ягоным сапраўды надзвычайным палітычным нюхам ўжо даўно адчуў тое, што навукоўцы называюць ломкай трэндаў.

Пачынаецца год цяжкіх выпрабаваньняў і, магчыма, вялікіх пераменаў. Год экстрыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?