Андрэй Пачобут лічыць, што вынесены яму прысуд стаў вынікам ціску на беларускія ўлады з боку Захаду. Такое меркаванне ён выказаў у пасля свайго вызвалення ў зале суда.

Нагадаем, 5 ліпеня суд Ленінскага раёна Гродна прысудзіў журналіста да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады, прызнаўшы яго вінаватым у паклёпе на прэзідэнта. Абвінавачанне па другім артыкуле — абраза прэзідэнта — з Пачобута знятае.

«Я чакаў больш жорсткага прысуду, — сказаў Пачобут. — Лічу, што вынесены прысуд — гэта вынік ціску на рэжым Лукашэнкі, вынік увядзення эканамічных санкцый у дачыненні да рэжыму.

Я заўсёды быў прыхільнікам таго, каб у дачыненні да дыктарскі рэжымаў праводзіць цвёрдую палітыку, таму што толькі цвёрдая пазіцыя дае вынік».

Пачобут перакананы, што сэнсам «такіх арыштаў і такіх крымінальных спраў з’яўляецца шантаж». «Безумоўна, гэта была нейкая спроба шантажу ў дачыненні да Польшчы. Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў мяне як інструмент ціску. Я вельмі рады, што ніякіх саступак з гэтай нагоды Лукашэнка не атрымаў», — падкрэсліў журналіст.

Пачобут мае намер абскардзіць вынесены яму прысуд. «Пакуль ёсць хоць нейкія прылады для гэтага, буду яго абскардзіць. Гэты працэс быў не судом, а судзілішчам», — заявіў журналіст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?