Актывісты інтэрнэт-супольнасці «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» (РПСС), створанай на сайце «УКантакце», просяць пакуль не пералічваць грошы на аплату штрафаў асуджаных удзельнікаў акцый маўклівага пратэсту.

Ініцыятары акцый распаўсюдзілі паведамленне, у якім сцвярджаюць, што 5 ліпеня электронныя кашалькі, створаныя для збору сродкаў аштрафаваным удзельнікам акцыі маўклівага пратэсту, зведалі атаку. На іх думку, «ёсць верагоднасць таго, што ўлады будуць мець магчымасць скрасці грошы, якія збіраюцца на ўзаемадапамогу».

У паведамленні зазначаецца, што

некаторыя карыстальнікі «пакідаюць прэтэнзіі на наш WMID (ідэнтыфікатар удзельніка электроннай плацежнай сістэмы WebMoney)».
«Мы створым новыя кашалькі. Пакуль просім вас не пераводзіць ахвяраванні ў наш Фонд народнай узаемадапамогі», — кажуць актывісты.

Як паведаміў адзін з ініцыятараў інтэрнэт-групы Вячаслаў Дзіянаў, новыя кашалькі, хутчэй за ўсё, «будуць створаныя сёння ж». «Збор сродкаў быў арганізаваны адразу ж пасля першых рэпрэсій, каля двух тыдняў таму. Усяго за гэты час было сабрана больш як 20 мільёнаў беларускіх рублёў», — сказаў ён.

Дзіянаў таксама паведаміў, што грошы, якія паступаюць, адразу ж пераводзяцца на іншыя электронныя кашалькі.

Група «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» з’яўляецца ініцыятарам грамадзянскай кампаніі маўклівага пратэсту ў Беларусі. Яе сутнасць у тым, што людзі рэгулярна збіраюцца ў цэнтры сваіх гарадоў. Не выкрыкваючы лозунгаў і заклікаў, яны проста гутараць і час ад часу пляскаюць у далоні, выказваючы такім чынам сваю нязгоду з палітыкай кіраўніцтва краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?