05.07.2011 / 17:43

У Крэве праходзіць валанцёрскі летнік «Крэўская вунія-2011» 2

1 ліпеня ў вёсцы Крэва Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці пачаў працу валанцёрскі летнік «Крэўская вунія-2011».

Летнік арганізаваны мясцовым дабрачынным фондам «Крэўскі замак».

Кожны ахвочы ў любы зручны час можа далучыцца да працы летніка і такім чынам паспрыяць добраўпарадкаванню тэрыторыі вакол адной з турыстычных адметнасцяў Беларусі.

Акрамя таго праграма летніка прадугледжвае рэгенерацыю старых крэўскіх могілак, вывучэнне стану забудовы Крэва, збор вуснай гісторыі, майстра-класы.

З 18 па 31 ліпеня падчас летніка адбудуцца археалагічныя раскопкі з удзелам спецыялістаў з Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

13–14 жніўня валанцёры, месцічы і госці вёскі стануць удзельнікамі рэгіянальнага фестывалю «Крэўскі кірмаш», які сумясціць фальклёрныя традыцыі Беларусі і сучасныя авангардныя плыні мастацтва. Падчас фестывалю выступяць сярэднявечны шэльмоўскі тэатр «ДыГрыза» і гурты «Квецень», «Князь Мышкін», «Нагуаль», «Рацыянальная дыета», «Святкі», «Фолкінэры», Hoha-band, The Silicon, прагучаць вершы, пройдуць фотавыставы і плэнэры. Ахвочыя здолеюць наведаць майстар-класы па народных танцах, гульнях і спевах. Паралельна адбудзецца рамесніцкі кірмаш і кірмаш спажывецкіх тавараў.

Месца пражывання валанцёраў — намётавы «гарадок».

Летнік працягнецца да 15 жніўня.

Замовіць анкету валанцёра летніка можна, напісаўшы на kreuskizamak@gmail.com.

Па пытаннях удзелу ў летніку і фестывалі звяртацца:

Рыгор Шабека, кіраўнік летніка — 8 029 761 0220.

Вольга Кастрамінава, дырэктар фонда «Крэўскі замак» — 8 (029) 551-333-5.

У сацыяльных сетках: суполка «Крэўскі замак».

0
shula / Адказаць
06.07.2011 / 09:46
Цікава, а што за раскопкі, які археоляг, што будзе раскопвацца і ці ёсьць дазвол НАН РБ?
0
МІкола / Адказаць
06.07.2011 / 13:22
2 shula Так, адпаведна, раскопы ўзгоднены з НАН РБ (арх. А.Дзярновіч). Самаму цікава, што там будзе! А ў цэлым - добрая ініцыятыва!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру