У Гродне аштрафаваныя толькі двое з 69 гродзенцаў, якія святкавалі Дзень Незалежнасці ў цэнтры — на астатніх «не было доказаў».

Паводле інфармацыі «Вечернего Гродно», 4 ліпеня, у зале суда Ленінскага раёна апынулася беспрэцэдэнтная колькасць абвінавачаных па адным адміністрацыйным правапарушэнні. Разглядаліся пратаколы ў дачыненні да 69 грамадзянаў.

Людзей затрымалі ў нядзелю, 3 ліпеня, па артыкуле «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства». Людзей, якія падтрымліваюць «маўклівыя дні» (да іх адносяцца тыя, хто ў вызначаны дзень з’яўляецца ў цэнтры горада, стаіць ці пляскае), сілавыя структуры разглядаюць, як удзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Як паведаміў Раман Юргель, праваабаронца Беларускага Хельсінскага Камітэта, 4 ліпеня суд вынес пастанову толькі ў дачыненні да двух затрыманых. Людзей прызналі вінаватымі і абавязалі выплаціць штраф у памеры 30 і 29 базавых велічынь (1 050 000 і 1 015 000 рублёў адпаведна).

Суразмоўца распавёў карэспандэнту газеты, што пастановы ў дачыненні да астатніх грамадзянаў суд выносіць не стаў. І запатрабаваў ад міліцыі даказаць з дапамогай відэазапісаў, што кожны з затрыманых ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі. У беларускіх умовах такое рашэнне — гэта таксама форма сукрытага пратэсту, толькі ўжо з боку суддзяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?