Нячаста бывае, што найбольш прынцыповыя, а магчыма, і лёсавызначальныя рашэньні прымаюцца ў навагоднюю ноч. Было трывожна. Хто як, а я падчас бою ўсемагчымых курантаў і прамоваў чырванагальштучных лідэраў не адыходзіў ад кампутара, каб сачыць за навінамі.

Усе мы ведаем з навінаў наступнае. Расейскі газ будзе паступаць у Беларусь за $100 / 1000 м³. Расея выкупляцьме палову «Белтрансгазу» цягам чатырох гадоў. Плату за транзыт Беларусь крышку падыме. Лукашэнка запрашае беларусаў у зямлянкі, дзе мы і будзем выжываць.

Пра зямлянкі – гэта ня проста рытарычная фігура. Нават пры падвышэньні цэнаў на газ да 80 даляраў, як засьведчыў сьв. п. Валеры Дашкевіч на круглым стале «Энэргетычная бясьпека краін Цэнтральнай Эўропы», усе прадпрыемствы з рэнтабэльнасьцю 12‑14% збанкрутуюць.

Стратэгічную беларускую маёмасьць – «Белтрансгаз» – здалі. Назвалі здачу «кампрамісам паміж нацыянальнымі інтарэсамі і сквапнасьцю партнэра». Дык жа сапраўдная абарона нацыянальных інтарэсаў ня ведае слова «кампраміс». Такое называецца іншым словам – здрада.

Рэальнае стаўленьне да дзяржавы Беларусі ў Маскве мы пабачылі падчас навагодняе прэс‑канфэрэнцыі. Кіраўнік ураду Беларусі змушаны быў даваць яе ў сядзібе «Газпрому» на фоне ягоных лягатыпаў, і не з сваім калегам расейскім прэм’ерам, а з газпромаўскім начальнікам Мілерам. Сідорскаму паказалі ягонае месца.

Цяпер гора‑кіраўнікі Лукашэнка зь Сідорскім строяць зь сябе незаслужана пакрыўджаных патрыётаў, а БТ нават спрабуе ляпіць зь іх гэтакіх герояў, што ахвяравалі навагоднім сталом дзеля надзвычайных паседжаньняў у Менску ды перамоваў зь Мілерам у Маскве. Было б сьмешна, каб не было сумна.

Хіба ж яны не разумелі, з кім гуляюць? Сідорскі ледзь ня плача: «наша эканоміка ня мае сыравінных рэсурсаў». Ці ж ягоныя папярэднікі і ён сам зразумелі гэта толькі ў ноч на новы 2007 год? Усё разумелі. Але так і пераадолелі комплексу служкі, намесьніка, васала.

Лукашэнка – васал, і стаяў ён да Расеі ў адпаведнай пазыцыі. Сюзэрэн (пан) паблажліва дазваляў яму па дробязях (зь яго, сюзэрэна, гледзішча) мець сваю выгоду. Васал загуляўся, вырашыў, што так будзе вечна. Але хіба нехта ня ведаў, што нашыя ўсходія суседзі выкарыстоўваюць паслугача, дакуль ён не пераўтвараецца ў загнанага каня?

Лукашэнка ня стаў, бо ня можа стаць, лідэрам незалежнай эўрапейскай дзяржавы. Васалы па мэнтальнасьці сваёй ніколі ня будуць абаронцамі незалежнасьці, кіраўнікамі сувэрэннай краіны. Лукашэнка і ягоная групоўка цягам дванаццаці гадоў зьнішчалі падмурак нашага сувэрэнітэту. Давялі да небясьпечнай мяжы гульню ў «саюзную дзяржаву». Нішчылі й нішчаць нашу мову й гістарычную памяць. Робяць штучных ворагаў з суседніх і братніх нам эўрапейскіх народаў. А расейцы паціху – без тэндэраў і канкурэнцыі – скупляюць беларускую нерухомасьць.

Гэтыя ўлады паклёпнічалі на БНФ, палохалі беларускі народ «бээнэфаўцамі», абклейвалі нас ярлыкамі «нацыяналістаў». Але «як бяда прыйшла, дык пане Базыль», кажуць людзі. Цяпер яны замітусіліся й самі (праўда, на публіку) кажуць тое, што мы гаворым ужо 15 гадоў. Дык ці не пара ім у адстаўку?

Беларусі патрэбны патрыятычны ўрад, не заплямлены васалітэтам і лісьлівасьцю перад усходнім суседам. У новым урадзе не павінна быць людзей, вядомых сумнеўнымі гешэфтамі з расейскімі імпэрыялістамі – няважна, вайсковымі, палітычнымі ці энэргетычнымі. Надалей нафтагазавыя справы з Расеяй павінны весьці справы людзі, не абцяжараныя адказнасьцю за «саюзныя» гульні. Ня проста прафэсіяналы, а сапраўдныя, правераныя часам патрыёты. Такія, скажам, як Станіслаў Гусак, аўтар канцэпцыі Балта‑Чарнаморскага нафтагазавага калектара і сябра Сойму БНФ.

Такі калектар, будзь ён збудаваны ў 90‑я (а цяпер займеў бы і касьпійскае рукаво), дазволіў бы пераадолець раз назаўжды манапольную энэргетычную залежнасьць ад Расеі ня толькі нам, але і нашым постсавецкім суседзям, а нават даў бы значна лепшыя пазыцыі Заходняй Эўропе ў яе паліўна‑энэргетычным клінчы з Расеяй. Сёньня ж сытуацыя прыціснула так, што на палітычных вяршынях Эўрапейскага Зьвязу паважна гаворыцца пра абарончае «энэргетычнае НАТО», а ў самім НАТО энэргетычная бясьпека называецца прыярытэтам яго эўрапейскай палітыкі. Мы, беларусы, у пэўным сэнсе завінавачаныя перад усёй Эўропай, што ў 1994 годзе далі сябе адкалоць ад роднага кантынэнту. Ідэя калектара так і не была ажыцьцёўленая.

Калісьці, у пачатку 90‑х, нашыя суседзі балты перажылі энэргетычную блякаду з боку Расеі. І годна зь яе выйшлі, што праўда, на нейкі час зацягнуўшы паясы, але аздаравіўшы і эўрапеізаваўшы свае эканомікі. Там людзі ведалі, дзеля чаго ідуць на часовыя ахвяры: дзеля мовы й памяці, дзеля продкаў і нашчадкаў, дзеля сваіх незалежных краінаў, дзеля вяртаньня з Расейскай імпэрыі ў Эўропу. А Лукашэнка дзеля чаго зьбіраецца заклікаць нас у зямлянкі? Дзеля ягонай вечнай над намі ўлады?

Лукашэнка загуляўся ў газавыя карты і пачаў‑такі прайграваць Беларусь. Расплата наступіць. Бяда ў тым, што плаціць давядзецца ня толькі яму, але ўсім нам і нашым нашчадкам. Сёньня першага студзеня, але ідзе праліўны дождж. Неба плача па бяздарна змарнаваных шанцах.

Але я не зьбіраюся завяршаць свае развагі журботна. Выйсьце ёсьць. Патрэбныя сыход у адстаўку збанкрутаваных гандляроў незалежнасьцю і сапраўды свабодныя выбары кіраўніцтва краіны. Яны адкрыюць нам дарогу да эканамічнай рэформы і да эўрапейскай эканамічнай прасторы. Калі мы будзем даваць сабе рады й стаяць за сваё, нам дапамогуць. Але самае галоўнае ‑‑ не бракуе досьведу й працавітасьці ў самога беларускага народу. Трэба толькі, каб і ўлада нарэшце была беларуская.

Фота Андрэя Лянкевіча

Сайт партыі БНФ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0