Кастусю Лукашову, які знаходзіцца ў сьледчым ізалятары на Валадарцы, толькі цяпер прад’явілі абвінавачаньне. Як падкрэсьлівае брат Кастуся Вячаслаў Сіўчык, гэтым парушаныя ўсе нормы беларускага заканадаўства, бо абвінавачаньне мусіць выстаўляцца не пазьней як на 10‑я суткі арышту.

Адвакатка Кастуся адправіла ўжо чацьвёртую скаргу – гэтым разам на імя кіраўніка СІЗА – з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня Лукашова.

Сёньня Лукашова, на 15‑я суткі арышту, упершыню дапытаў сьледчы. «Але Кастусь адмовіўся даваць паказаньні, – распавёў Вячаслаў Сіўчык, – бо лічыць сябе цалкам невінаватым. А крымінальная справа супраць яго проста ня можа існаваць у прыродзе».

Кастусь Лукашоў быў арыштаваны 19 сьнежня 2006 году. Яму інкрымінуюць артыкул 364 Крымінальнага кодэксу: «непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі».

Артыкул «непадпарадкаваньне міліцыі», па якім арыштаваны Кастусь Лукашоў, прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Нагадаем, што 29 сакавіка невядомыя людзі, якія не прад’яўлялі аніякіх пасьведчаньняў, паспрабавалі схапіць Вячаслава Сіўчыка, які зьязджаў на машыне з 3‑яй клінічнай бальніцы. Актывіст апазыцыі знаходзіўся там пасьля зьбіцьця невядомымі спэцслужбоўцамі, асобы якіх так і не былі ўстаноўленыя.

Невядомыя ўвесь час віжавалі ля палаты Сіўчыка. «Яны не прадстаўляліся, не былі апранутыя ў форму і болей нагадвалі бандытаў, чым прадстаўнікоў праваахоўчых ворганаў,» – кажа Вячаслаў.

Калі машына зь Сіўчыкам паехала, за ёй пабег адзін зь невядомых, які машыну не дагнаў.

Сьледзтва лічыць, што за рулём аўтамабіля сядзеў Лукашоў, і што такім чынам ён не падпарадкаваўся патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі.

Фота mfront.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?