Афіцыйны кіраўнік зрабіў сёньня два піяраўскія хады.

Па-першае, адказнасьць за наступствы расейскіх нафтагазавых удараў ўскладзеная на ўрад. Урадоўцаў, калі што, і прынясуць у ахвяру.

Па-другое, загадана рыхтаваць "сустрэчны зыск". Гэты крок даўно прагназаваўся аналітыкамі (у тым ліку і аўтарам гэтых радкоў).

Узьнікае толькі такое пытаньне. А нашто тады прадаваць палову "трубы"? Мо' лепей было б захаваць уласнасьць ды купляць газ хоць сабе і па 200 даляраў (хай задушацца!) — затое прымусіць Маскву раскашэльвацца напоўніцу за транзыт, вайсковыя аб'екты і г.д. Наша ж начальства некалі ўжо даводзіла, што мы толькі выйграем.

Зрэшты, лепей позна, чым ніколі.

Ва ўсім разе, мыта на прапампоўку расейскай нафты ўжо ўводзіцца.

На думку палітоляга Андрэя Фёдарава, такімі вось крокамі можна было б пачаць рух да стану нармалёвай, сярэдняй эўрапейскай краіны. Нашто далёка хадзіць: вунь суседзі з балтыйскіх дзяржаў, адпакутаваўшы на мяжы 90-х, зараз купляюць газ паводле рынкавых коштаў і не баяцца ніякага шантажу. Ні энэргетычнага, ні палітычнага.

Беларусь таксама атрымлівае шанец аслабаніць дачыненьні з Расеяй ад грузу васальнае залежнасьці і ў эканамічнай, і ў палітычнай сфэрах.

Але, кажа Андрэй Фёдараў, упэўненасьці, што Менск пасьлядоўна пойдзе такім курсам, няма. Заявы пра "сустрэчны зыск" рабіліся некалькі разоў і раней. Аднак у выніку пагроза павісала ў паветры.

Цяпер выглядае на тое, што беларускае кіраўніцтва найперш хоча выбіць з расейцаў саступкі ў пытаньні пра ўмовы нафтавых паставак. Сапраўды, найважнейшая галіна вось-вось будзе спаралізаваная. Калі ж пашэнціць болей-меней улагодзіць пытаньне, то ня выключана, што градус антырасейскай рыторыкі адразу ўпадзе.

Натуральна, разьвіццьцё сюжэту будзе залежаць і ад таго, наколькі далёка вырашыў пайсьці Пуцін, жадаючы пакараць незгаворлівага партнэра.

Карацей, пачатак году закручвае вострую інтрыгу на руінах "братняй інтэграцыі". Адна рэч, калі б справа тычылася толькі разборак між уладнымі элітамі. Але гэты сюжэт наўпрост зьнітаваны з пытаньнем пра лёс Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?