Беларусь вызначыла з расійскім бокам прынцыпы крэдытавання будаўніцтва АЭС, паведаміў журналістам Міхаіл Мясніковіч.

«Мы дамовіліся з Кудрыным (міністр фінансаў РФ. — БелаПАН.), і гэтае пытанне абмяркоўвалася з Пуціным — аб прынцыпах крэдытавання самой станцыі, не толькі ядзернага вострава, а ў цэлым аб’екта, уключаючы інжынерную інфраструктуру, неабходную для працы станцыі», — сказаў прэм’ер-міністр падчас наведвання Беларускага оптыка-механічнага аб’яднання «БелОМА» 6 ліпеня.

Паводле слоў Мясніковіча,

Беларусь адмовілася ад крэдытавання аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры для АЭС.
«Гэта будзем будаваць за свае грошы», — цытуе прэм’ера прэс-служба Саўміна.

Адказваючы на пытанне аб памеры расійскага крэдыту пад будаўніцтва АЭС, Мясніковіч зазначыў,

што гэта будзе не менш як 7 млрд. долараў. Аднак «дакладны аб’ём крэдыту пакажа экспертыза», дадаў ён.

Прэм’ер-міністр нагадаў, што беларуская АЭС будзе блізнём Балтыйскай АЭС у Калінінградскай вобласці РФ. Зараз праект Балтыйскай АЭС праходзіць дзяржаўную экспертызу ў Расіі. «Як толькі яна завершыцца, мы будзем дадаткова праводзіць беларускую дзяржэкспертызу іх станцыі для таго, каб былі выпрацаваны асноўныя палажэнні кантрактнага пагаднення і генеральнага кантракта», — паведаміў Мясніковіч.

Ён выказаў упэўненасць у тым, што запланаваныя земляныя работы на пляцоўцы для АЭС будуць ажыццяўляцца згодна з графікам. «Работы на пляцоўцы ўжо вядуцца, аднак гэта не той аб’ект, дзе трэба наладжваць сацыялістычнае спаборніцтва», — падкрэсліў Мясніковіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?