Праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» асудзіла арышты журналістаў падчас маўклівых пратэстаў, якія прайшлі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі 6 ліпеня.

«Амаль штодзённыя масавыя арышты журналістаў павінны неадкладна спыніцца», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце арганізацыі.

«Рэжым Лукашэнкі паказвае сваё сапраўднае аблічча, у той час як узмацняюцца яго палітычная ізаляцыя і эканамічны заняпад у краіне.
Але шалёныя рэпрэсіі, якія толькі пагоршаць напружанасць, не з’яўляюцца рашэннем, — мяркуюць „Рэпарцёры без межаў“. — Урад павінен звярнуць увагу на спробы міжнароднай супольнасці паказаць яму прычыну праблемы».

Кіраўнік аддзела Еўропы і Цэнтральнай Азіі «Рэпарцёраў без межаў» Іаган Бір лічыць, што рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх журналістаў выкліканыя тым, што «акцыі маўклівага пратэсту арганізоўваюцца праз медыя, у першую чаргу праз інтэрнэт-медыя, бо яны называюцца «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».

«Улады цяпер сталі даволі паранаідальна ставіцца да асвятлення журналістамі дэманстрацый, паколькі сам факт, што так шмат людзей выходзіць на дэманстрацыі, спрыяе мабілізацыі. Я думаю, яны проста баяцца самой інфармацыі»,
 — сказаў Бір у інтэрв’ю БелаПАН.

Акрамя таго, паводле меркавання Біра, «улады даволі добра зразумелі важнасць вядзення інфармацыйнай вайны». У якасці прыкладу ён прывёў старонку, заведзеную ГУУС Мінгарвыканкама ў сацыяльнай сетцы Twitter.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў, падчас акцыі 6 ліпеня па краіне было затрымана 28 журналістаў; лёс васьмі з іх павінен вырашыць суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?