У Магілёве 7 ліпеня прайшлі чарговыя судовыя працэсы ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый маўклівага пратэсту, што адбыліся 3 і 6 ліпеня.

Актывіст зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Валянцінаў Лабачоў быў затрыманы 6 ліпеня пасля акцыі. За ўдзел у ёй ён асуджаны на 12 сутак адміністрацыйнага арышту. Абскарджваць судовае рашэнне малады чалавек не мае намеру, бо не бачыць у гэтым сэнсу.

Былі прыняты рашэнні ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі 3 ліпеня. Аляксандру Сімановічу вынесена папярэджанне. «Амапавец не здолеў растлумачыць, дзе я быў затрыманы, і блытаўся ў паказаннях. Гэта, мабыць, стала прычынай такога рашэння», — паведаміў Сімановіч. Ён збіраецца параіцца з праваабаронцамі наконт абскарджання прыгавору.

Таксама папярэджанне вынесена маладому чалавеку па прозвішчы Якімовіч. Пра гэта ён паведаміў, шпарка выходзячы з будынка суда.

Таксама былі вынесены судовыя рашэнні ў дачыненні да журналіста Алеся Асіпцова (10 сутак арышту), Аляксандра Кісялёва (5 сутак) і Віталя Заблоцкага (штраф 30 базавых велічынь).

8 ліпеня чакаюцца суды над астатнімі затрыманымі. Сярод іх — праваабаронца Барыс Бухель і старшыня магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Дзячкоў.

Паводле ўдакладненых звестак, 6 ліпеня на акцыі маўклівага пратэсту ў Магілёве было затрымана восем чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?