Гродзенскі журналіст расказаў пра першыя дні на свабодзе, турму і экспертызу яго артыкулаў.

 Фота Аляксей Шота, «Твой стыль»

Фота Аляксей Шота, «Твой стыль»

У першыя дні на свабодзе карэспандэнт «Газеты Выборчай» Анджэй Пачобут, які на днях атрымаў умоўны тэрмін за паклёп на Аляксандра Лукашэнку, схадзіў на «маўклівую акцыю» ў Гродне, пачаў пісаць рэпартаж аб знаходжанні ў турме і рыхтуе з адвакатамі скаргу на прысуд.

«Папулярнасць Лукашэнкі ўпала, у тым ліку, сярод турэмных працаўнікоў»

— На акцыі маўчання міліцыянты свідравалі мяне позіркамі, але не кранулі, — распавёў журналіст у гутарцы з карэспандэнтам «Салідарнасці».

На думку Анджэя Пачобута, за тыя месяцы, якія ён правёў у зняволенні, папулярнасць Аляксандра Лукашэнкі ўпала «ніжэй плінтуса», у тым ліку і сярод работнікаў турмы.

— Мая справа ў горадзе была гучнай, — кажа Анджэй. — Прыемна было, калі на вуліцы да мяне падыходзілі незнаёмыя людзі, ціснулі руку і казалі словы падтрымкі.

Адтэрміноўка прысуду была для Анджэя Пачобута поўнай нечаканасцю.

— Калі мяне вялі на абвяшчэнне прысуду, я бачыў у двары аўтазак, — распавёў журналіст напярэдадні на прэс-канферэнцыі. — Я быў адзіным, каго прывезлі пасля абеду з турмы ў суд. Аўтазак ня ад'ехаў, і я думаў, што хутка паеду на ім назад у турму.

Нагадаем, суд Ленінскага раёна прызнаў Анджэя Пачобута вінаватым у паклёпе на адрас прэзідэнта Лукашэнкі і прысудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Другое абвінавачванне ў абразе прэзідэнта з журналіста было знята за адсутнасцю складу злачынства.

Аксана Пачобут: «Пакуль Анджэя трымалі ў турме, у нашага сына выраслі зубы»

Самым страшным у турме для Анджэя былі не поўная ізаляцыя ад знешняга свету і не ўмовы ўтрымання.

— Я перажываў, як будзе жыць мая сям'я, — кажа ён.

— За гэтыя тры месяцы столькі ўсяго змянілася, — дадае яго жонка Аксана. — У нашага сына за гэты час выраслі зубы! (Смяецца). Але ён пазнаў тату і адразу пайшоў да яго на рукі. Толькі спалохаўся, калі каля суду натоўп радасна загудзеў, вітаючы вызваленне Анджэя.

Аксана Пачобут ўпэўненая, што заключэнне не змяніла яе мужа.

— Схуднеў толькі вельмі. Не было ў чым было на вуліцу выйсці. Прыйшлося яму вопратку новую купляць, — дадае жонка журналіста. — Прачынаецца рана — у шэсць раніцы. У турме ў 06.05 прыносілі сняданак, а ў 6.15 ужо забіралі талерку. Анджэй у 07:00 мяне будзіць і кажа: «Я прагаладаўся». Кармлю яго сняданкам, толькі талерку ня забіраю. (Усміхаецца).

«Пасля турэмнай камеры ў Гродна так шмат месца ...»

«Газета Выборча» прапанавала Анджэю Пачобуту ў бліжэйшы месяц сысці ў адпачынак. Праўда, пакідаць межы Гродна журналіст не можа.

— Па-першае, таму што прысуд не ўступіў у сілу, — тлумачыць Аксана. — Па-другое, з-за падаткаў і штрафаў. Анджэй заплаціў падаткі ў Польшчы, але потым высветлілася, што трэба плаціць яшчэ і тут. Такое вось падвойнае падаткаабкладанне. Даведку аб выплаце ён не змог падаць у тэрмін, таму што сядзеў за кратамі пасля Плошчы. Цяпер яму трэба выплаціць 6 мільёнаў падатку і адзін мільён штрафу.

Адсутнасць свабоды перамяшчэння Анджэя не напружвае.

— Пасля турэмнай камеры ў Гродна так шмат месца, — усміхаецца ён.

«На дзень нараджэння сукамэрнікі накрылі мне стол»

Анджэй Пачобут пачаў рыхтаваць рэпартаж аб знаходжанні ў СІЗА для «Газеты Выборчай».

— На паверсе са мной сядзеў інвалід першай групы без абедзвюх рук. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён збіў супрацоўніка міліцыі. Я бачыў там людзей, паважаных у горадзе, прадпрымальнікаў, якія пасля змены ўлады ў Гродна апынуліся за кратамі. Памятаю дзеда васьмідзесяці гадоў на мыліцах. Ён выглядаў так, нібы ў труну кладзецца. Увесь сіні.

Анджэй успамінае, як у турме праходзілі святы.

— На Вялікдзень нам прынеслі фарбаваныя яйкі. Хоць да мяне —адзінага — не пускалі ксяндза ўвесь гэты час. На дзень нараджэння сукамернікі накрылі для мяне стол: гарбата з шакаладнымі цукеркамі. А лідар арганізаванай злачыннай групоўкі, якая займалася згонам машын (пазней яго асудзяць на 10,5 гадоў) падарыў мне ўпакоўку з-пад ёгурту са зрэзаным верхам. Туды можна было класці пасту, зубную шчотку. Паверце, такія цацкі ў турме маюць велізарнае значэнне. Лісты з віншаваннямі я атрымаў толькі праз некалькі дзён.

Слоўнік Ожагава як навуковы метад

У бліжэйшы час Анджэй падае касацыйную скаргу ў суд. Журналіст мае намер, калі спатрэбіцца, прайсці ўсе інстанцыі, да Камітэта ААН па правах чалавека, каб даказаць, што ён невінаваты.

Нагадаем, дзве экспертызы тэкстаў Пачобута праводзілі супрацоўнікі ідэалагічнага аддзела Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко і Віктар Жалезніковіч, а таксама прафесар ГрДУ Аляксей Нікіцевіч. Яны знайшлі ў матэрыялах Пачобута не толькі паклёп у адрас прэзідэнта, але і дыскрэдытацыю Беларусі.

На прэс-канферэнцыі Анджэй распавёў калегам з Гродна, што ніхто з экспертаў не быў у стане адказаць на пытанні адвакатаў, што такое паклёп, абраза, годнасць і гонар.

— Пытаюць у Скрабка, што такое паклёп, — прыводзіць словы Анджэя Пачобута baj.by. — Ён адказвае: «Паклёп — гэта калі пра чалавека сказалі няпраўду». «А што такое абраза?» — «Гэта калі чалавека абразілі». «Якія навуковыя метады вы выкарыстоўвалі?» — «Мы выкарысталі слоўнік Ожагава». Так гэта выглядала. Гэта смешна. Але мяне нервавала: яны не ведаюць нават гэтага! Я кажу: «Паслухайце, я трэці месяц сяджу, а вы не маглі ўзяць Кодэкс і прачытаць, што гэта значыць?».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?