На штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ) 9 ліпеня ў Бялградзе ўхвалена рэзалюцыя па Беларусі.

Яе праект, скіраваны на «аднаўленне дыялогу» з Мінскам, быў прапанаваны для абмеркавання кіраўніцай рабочай групы па Беларусі ПА АБСЕ Утай Цапф. Беларусь заклікаюць вызваліць палітычных зняволеных, затрыманых у сувязі з дэманстрацыямі ў снежні 2010 года; дазволіць палітзняволеным кансультавацца з юрыстамі, сустракацца з сем`ямі, атрымліваць медыцынскую дапамогу; дазволіць уезд у краіну незалежным экспертам, прызначаным у межах Маскоўскага механізма; развіваць заканадаўства ў сферы СМІ ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі краіны.

Прыняцце гэтай рэзалюцыі абмяжуе, калі не звядзе да нуля, магчымасць дыялогу з Беларуссю, заявіў на сесіі ПА АБСЕ, якая транслявалася праз сайт асамблеі, намеснік старшыні палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Гумінскі. На думку парламентарыя, сітуацыя ў краіне «стабільная і прадказальная» і ў прыняцці такой рэзалюцыі няма неабходнасці. «Тэкст мае шмат тэндэнцыйных фармулёвак агульнага плана», — заявіў Гумінскі.

«Рэзалюцыя — не запрашэнне да дыялогу і не працягнутая рука», — заявіла член камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Валянціна Лявоненка. Яна назвала дакумент «павярхоўным, прадузятым і суб`ектыўным», адзначыўшы, што яго тэкст «вытрыманы ў духу дыктату і недаверу».

Літоўскі парламентарый Вілія Алекнайтэ-Абрамікене задала калегам пытанне: «У якой іншай краіне мы сутыкаемся з фактам, што амаль усе кандыдаты ў прэзідэнты, за выключэннем пераможцы, аказваюцца ў турме?»

Брытанскі парламентарый Тоні Лойд адзначыў, што АБСЕ імкнецца дапамагчы Беларусі прасунуцца да лепшага выканання правоў чалавека, але «рэжым у Мінску перашкаджае гэтаму, і гэта трагедыя для Беларусі».

«Гэта не ўсе вакол Беларусі памыляюцца, гэта прэзідэнт Лукашэнка і яго атачэнне памыляюцца», — падкрэсліў Лойд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?