11.07.2011 / 13:29

Сяргей Будкін: «Няхай жыве «Славянскі базар»! 3

У адрозненне ад бразгатання жалезам па асфальце, такая маштабная дзея, як «Славянскі базар» неабходна Беларусі. Але, канечне, не ў такім выглядзе, як тое існуе ўжо доўгія гады.

Рэдактар «Тузіна Гітоў» з нагоды адкрыцьця 20-га міжнароднага фэстывалю мастацтваў «Славянскі базар»: «У адрозьненьне ад бразгатаньня жалезам па асфальце, такая маштабная дзея, як „Славянскі базар“ неабходна Беларусі. Няхай бы жыў 100 гадоў гэты фэст зь яго ідэяй паказаць культуры розных краінаў, блізкіх і далёкіх, ды зацьвердзіць патрэбу мірнага суіснаваньня».

Недзе на інтэрнэт-форумах давялося пабачыць сьпіс удзельнікаў 20-га фэстывалю «Славянскі базар» з прапановай уключыць іх у ігнор. Да гэтага неаднакроць гучалі заклікі не праводзіць фэстываль, адмовіцца ад яго. У незалежных СМІ фэст падаецца не інакш, як працяг патаснага параду з нагоды 3 ліпеня.

Але ў адрозьненьні ад бразгатаньня жалезам па асфальце, такая маштабная дзея, як «Славянскі базар» неабходна Беларусі. Але, канечне, не ў такім выглядзе, як тое існуе ўжо доўгія гады. Няхай бы жыў 100 гадоў «Славянскі базар» зь яго ідэяй паказаць культуры розных краінаў, блізкіх і далёкіх, ды зацьвердзіць патрэбу мірнага суіснаваньня. Толькі вось каб гэта не выглядала, як поп-экспансія толькі адной суседняй краіны. Каб на сцэну выходзілі ня толькі артысты з савецкага мінулага і дзьмутыя зоркі, замыленыя ў расейскай мэдыя-прасторы. Хацелася бы, каб Віцебск, бедны як і ўся астатняя Беларусь, на альтэрнатыўнае ТВ і радыё, пабачыў музыку, якую робяць і слухаюць у іншым сьвеце. Прычым у розных кірунках. Навошта на тыднёвым фэсьце ўкармліваць людзей адной папсьнёй і шансонам. Няўжо на ганарар фанэрнага пяюна з кардэбалетам нельга запрасіць нармальнага артыста?

І яшчэ ж — можна ўсё зрабіць ня так маштабна і не з такой паўночнакарэйскай помпай, але ж міла і густоўна. Каб не было сораму за фэст, краіну і яе кіраўніцтва, што адплясвае пад мідзішную музыку ў выкананьні падлізьнікаў. Каб турысты паехалі — і ня з мэтай «айда, назад, у мінулае», а каб падзівіцца на лепшае і абранае з сучаснай музычнай культуры эўрапейскіх ды постсавецкіх краінаў. Рабілі ж у межах «Славянкі» добрыя людзі калісьці і фэст «Рок апоўначы» і канцэрт «Троіцы», запрашалі шэраг выдатных фольк- і рок-гуртоў, але ж ініцыятывы тыя недаразьвіліся. Народ, які пасьля працы глядзіць «Аншлаг» патрабуе іншых герояў, і каб яго не хваляваць гэтую штучнасьць ім упіхваюць, як той білет «Супэрлято».

Яшчэ доўгіх гадоў жыцьця «Славянскаму базару» можна было бы пажадаць за імкненьне ўшанаваць культурных герояў у выглядзе «Алеі зорак». Толькі вось, каб зноў жа выдатная ідэя была спаскуджаная рэалізацыяй. Спачатку ўклалі пліту з імём Лявонцьева, а потым падумалі пра Мулявіна.

Дапамагчы «Славянскаму базару» выжыць і перарасьці ў сапраўдны эўрапейскі фэстываль можа толькі рэбрэндынг, а можа нават зьмена назвы. Гэта мусіць быць поўны перагляд пазыцыяў што да фармаваньня праграмы і арганізацыі ўсёй дзеі. Не зашкодзіла бы арганізатарам стажыроўка-вандроўка на іншыя музычныя фэсты сьвету (толькі не ў КНДР!). А дзяржава можа ж па-першым часе працягваць падтрымліваць сваё дзецішча, пакуль у краіне ня зьявяцца нармальныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу…

Ну, і вядома ж, «Славянскі базар» можа жыць толькі ў той краіне, дзе няма «чорных сьпісаў». Дзе чыноўнікі не падзяляюць творцаў паводле іх перакананьняў, не ставяць перад выбарам, не пагражаюць звальненьнем і не перашкаджаюць займацца сваёй улюбёнай справай.

А калі не жыць так, дык лепей памерці.

0
Файна напісана / Адказаць
11.07.2011 / 14:25
"А калі ня жыць так, дык лепей паме" )))))))))
0
бумбарашка / Адказаць
11.07.2011 / 15:01
А што, яго сабиралися застрэлиць? Безар етот.
0
юля / Адказаць
11.07.2011 / 15:25
не, ен сам памер
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру