Праз дзевяноста гадоў мы раптам успомнілі «філасофскія параходы», якія вывозілі з Савецкай Расіі тых, хто меў смеласць няправільна думаць. Бярдзяеў, Франк, Сарокін, Лоскі, Булгакаў… Цяпер Аляксандр Лукашэнка абвясціў, што гатовы даць ці вагон, ці самалет — толькі б выехалі з краіны тыя, каго ўвесь свет лічыць беларускімі палітвязнямі.

Сапраўды, гэта выйсце. Але для Лукашэнкі ўжо не вырашэнне праблемы. Бо ёсць людзі, якія па-за палітыкай. Па крайняй меры, знешне. Яны не ў чорных спісах «палітычных», яны не выходзяць на вуліцы па серадах, не пляскаюць у далоні, яны маўчаць. Але таксама маўчаць няправільна. Што ўлада будзе рабіць з гэтымі людзьмі? На ўсіх іх не хопіць ні самалётаў, ні параходаў.

Талент і бразгаценне

Выпадкова пазнаёмілася з адной немаладой беларускай пісьменніцай. Яе творчасць гэта не палымяная вострая публіцыстыка, не раскрыццё гістарычнай праўды, яе творчасць — творы маральна-этычнай тэматыкі. Яна не змагар і не трыбун. Яна сціплая, прыгожая, мудрая жанчына. Па-ранейшаму піша. Але прызналася: «Калі я выдала сваю першую кніжку, то за ганарары купіла дачу. Цяпер, каб выдаць кніжку, мне трэба гэтую дачу прадаць».

— Можа, ў чаргінцоўскім пісьменніцкім саюзе вам было б лягчэй выдавацца? — кажу я. — Вашы ж творы па-за палітыкай.

— Не, не і не! Вы што, смяецёся? Чаргінец кожны раз дае справаздачы, на колькі чалавек узраслі іхнія рады. Але хто ў тым саюзе? Заўсёды былі пісьменнікі добрыя і слабенькія, хто як умее — так і піша.

Але ніколі да нябесаў не ўзносілі пустэчу.
Помню ў савецкія часы на нейкай нарадзе выступаў чыноўнік ад Тульскай вобласці і кажа: «Да рэвалюцыі у нашай вобласці быў адзін пісьменнік, зараз — сто. Але той, адзін, быў Леў Талстой». У савецкія часы і тое падзялялі талент і бразгаценне.

Карацей, і гэтая сціплая немаладая жанчына — кандыдат на «філасофскі параход». Проста таму, што сённяшняя ўлада са сваімі падпавяламі не адпавядае ейным уяўленням пра прыстойнасць.

Дапякло

Кажуць, у нашым грамадстве пануе страх. Гэта і так, і не так. Бо страх, зацягнуты ў часе, адных сапраўды ператварае ў жывелу, але некаторым, наадварот, дае адчайную смеласць. Таму мы і бачым, што беларусы такія розныя.

— Ало, добры дзень, — жанчына, што пазваніла ў рэдакцыю, хацела размаўляць са мной і толькі са мной. Яна адразу прадставілася, назвала невялічкі пасёлак, у якім жыве, і пайшла ў наступ:

— Я напісала адкрыты ліст Лукашэнку. Шчыра кажучы, я яго яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў напісала, але пабаялася адправіць. Ды зараз усё, цярпенне маё лопнула. Ён не ведае, хто выходзіць на маўклівыя пратэсты, ён не ведае, хто і чаму супраць яго выступае? Дык я ўсё яму ў лісце патлумачыла. Хачу, каб вы пачыталі.

— Добра, зразумела. Дасылайце…

— Не, я лепей прыеду. Вам у рэдакцыі копію пакіну, а ліст у Адміністрацыю аднясу. Можа, вы што падправіце, каб ужо не занадта рэзка было. Хаця вы не падумайце, я не баюся. Што ён мне зробіць? Ну, пасадзіць. Дык мне 65 гадоў, а я ў адпачынку ніколі не была — які адпачынак у калгасе?

Пасадзіць — дык і добра, я хоць за ўсё жыцце перадыхну.

Гэта незнаёмая мне жанчына — яшчэ які кандыдат на «філасофскі цеплаход»! Прычым, яна не «вашывая інтэлігенцыя», гэта прадстаўнік былога лукашэнкаўскага электарату. Чалавек з вёскі, ад зямлі, з мазалямі. Яе пратэст не мае палітычнага ці ідэалагічнага падмурку. Проста дапякло. Баялася цетачка баялася ды і стамілася баяцца. Зразумела нарэшце, што няма ёй чаго губляць, акрамя цяжкай — ад світанка да цямна — працы.

Патэльня за пазухай

Ну, і трэцяя гісторыя. Пра сапраўдных, найбольш тыповых беларусаў. Дзе мужчына — смелы ў думках філосаф, а жанчына — абаронца сям’і.

Нахіліўшыся да мяне і сцішыўшы голас, наведвальнік патлумачыў: «Выбачайце, калі ласка, але свой ліст я падпісаў псеўданімам».

— Што так?

— Ды мне жонка не дазваляе… Я агітацыю правожу, ўсе вакол ведаюць мае погляды — і на працы, і дома. На рабоце толькі просяць, каб браў адгул, калі збіраюся ісці на якую акцыю. Ды, зразумела, ў склад выбарчых камісій не ўключаюць. А вось жонка… Неяк па тэлевізары паказвалі, што апазіцыі за ўдзел у акцыях грошы плацяць, дык суседкі яе падбухторылі: «Дзе, Тоня, твой долары дзяе?» Яна пасля размовы з імі як уляцела ў хату, то думаў скавараду на мне зломіць: «Дзе грошы? Дзе долары?» Ледзь уцёк. Але газеты ды кніжкі мае ўжо не рве, як раней.

— Яна ў вас такая прыхільніца Лукашэнкі?

— Не-е-е! Каб яна яго сустрэла, то дала б дык дала, скаварады б не пашкадавала.
Ён бы не ўцёк. Але ж мне два гады да пенсіі. Калі выганяць з завода, то куды ісці?..
І вось такіх сямей у нас калі не кожная другая, то кожная першая.

Дзе знайсці параход такіх памераў, каб гэтых людзей вывезці? Яны маўклівыя. І зараз з прамовамі не выступаюць і выступаць не будуць. Але калі разыдуцца-то дадуць дык дадуць. За ўсе гады маўчання…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?