На курорце ў балгарскім горадзе Кітэн адбылося масавае атручванне беларускіх дзяцей, паведамілі БелаПАН у пасольстве Беларусі ў Балгарыі.

11 ліпеня ў пасольства паступіла інфармацыя пра масавае атручванне беларускіх дзяцей, якія адпачываюць у гатэлі «Грын Парк» у Кітэне (паўднёвая частка чарнаморскага ўзбярэжжа Балгарыі).

Падчас высвятлення сітуацыі было ўстаноўлена, што ў гэтым гатэлі адпачывае тры групы беларускіх дзяцей агульнай колькасцю каля 130 чалавек ва ўзросце да 18 гадоў. Харчаванне ажыццяўляецца па прынцыпе «ўсё ўключана». Тым не менш, выхавальнікі сцвярджаюць, што не ўсе дзеці былі забяспечаныя пітной вадой.

«Дзеці і кіраўнікі груп адзначылі, што ў пятніцу і суботу вадаправодная вада мела ўстойлівы непрыемны пах. У суботу прыкладна на працягу трох гадзін у гатэлі злівалі вадаправодную ваду. У гэты ж час былі адзначаныя першыя выпадкі захворвання дзяцей з прыкметамі высокай тэмпературы, моцнай ірвоты, агульнай слабасці», — паведамілі ў пасольстве.

Паводле даных беларускіх дыпламатаў, пік захворвання прыпаў на нядзелю, 10 ліпеня.

У агульнай складанасці ў той ці іншай ступені захварэлі прыкладна ад 70 да 80% ад агульнага ліку беларускіх дзяцей.
Былі выкліканыя дактары. Медыцынскую дапамогу аказвалі дактары, выкліканыя беларускай страхавой кампаніяй «ТАСК», а таксама лекар, які суправаджаў адну з груп беларускіх дзяцей. Захварэлым былі выдадзеныя таблеткі, зробленыя ўколы, некаторым пастаўленыя кропельніцы.

Паводле слоў выхавальнікаў, дзякуючы своечасовай медыцынскай дапамозе ўдалося пазбегнуць шпіталізацыі дзяцей.

Як падкрэслілі ў пасольстве, цяпер сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Стан большасці захварэлых дзяцей здавальняючы, у некаторых захоўваюцца астаткавыя з`явы. Бок, які прымае, скарэктаваў харчаванне з улікам характару захворвання.

Паводле слоў прадстаўніка балгарскай страхавой кампаніі «Корыс», у гатэлі ўзятыя пробы вады і ежы для даследавання.

Паводле наяўнай інфармацыі, масава атруціліся на гэтым курорце не толькі беларускія дзеці, але і дзеці з Расіі, Украіны і іншых краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?