Аптымізму намесьніка па кадрах і ідэялягічнай працы ААТ «Нафтан» Мікалая Каўбасенкі, які заявіў, што прадпрыемства працуе на поўную магутнасьць, не падзяляюць працаўнікі.

Некалькі чалавек, зь якімі карэспандэнт размаўляў па тэлефоне, сказалі, што аб’ёмы перапрацоўкі нафты значна ніжэйшыя за 100‑адсоткавыя.

Старшыня Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства Аляксей Валюшкін адзначыў, што людзей вельмі непакоіць будучыня. Заробкі ў апошні час зьнізіліся, сродкі, якія прызначаліся на рэканструкцыю, перакідваюцца на закупку газу. Губляецца, як лічыць прафсаюзны кіраўнік, сэнс пабудовы новай перапрацоўчай устаноўкі АТ‑8. Калі колькасьць сыравіны будзе зьніжацца, лепей займацца праблемамі ўглубленай перапрацоўкі, а не паддавацца ціску зьверху на пашырэньне прамысловых магутнасьцяў.

Для працаўнікоў «Нафтану», асабліва маладых, у якіх малыя дзеткі, а жонкі ў адпачынку па дагляданьні за імі, паўстае праблема выплатаў бытавых крэдытаў — усталёўваецца атмасфэра няўпэўненасьці.

Наконт таго, што адбываецца, Валюшкін выказаўся коратка:

— Па‑іншаму трэба было сябе паводзіць у адносінах да Расеі.

Калі «Нафтан» скароціць вытворчасьць, гэта адаб’ецца і на стане Новаполацку, і на абласным бюджэце, багатую частку якога складаюць падаткі прадпрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?